Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/342

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вялося вельмі скромна. Кожны дзень хадзілі абодва яны гуляць у Люксембургскі сад, у самую бязлюдную алею. Кожную нядзелю адпраўляліся ў бліжэйшую царкву, прычым Жан Вальжан раздаваў міласціну. Ніхто з чужых не дапускаўся ў дом. Жыхары дома ўваходзілі і выходзілі праз фортку на Вавілонскай вуліцы, так што цяжка было здагадацца, што яны жывуць на вуліцы Плюме, хіба хто-небудзь убачыў-бы іх праз агарожу саду, якая заўсёды была запёртая. Жан Вальжан пакінуў сад у запушчаным стане, каб не прыцягваць нічыёй увагі. У гэтым ён, магчыма, памыляўся.

Іменна сваёю дзікасцю сад быў чароўны. Прахожыя мімаволі спыняліся, каб палюбавацца ім, не падазраваючы зусім аб таямніцах, схаваных у яго гушчары. Блізка ля агарожы, у кутку, стаяла старая каменная лаўка, пакрытая мохам. Вясною ўвесь зараснік дружна разрастаўся. Сонца рассыпала кветкі, прыгожасць, радасць і арамат. Тысячы матылькоў насіліся ў яго праменнях, як клочча снегу сярод лета. Увечары падымалася празрыстая дымка, якая ахутвала ўвесь сад. Чулася апошняе чырыканне засынаўшых птушак, і ўсё паступова сціхала ў чароўным спакоі.

Зімою гушчар рабіўся чорны, лісці асыпаліся, і праз галінкі быў відаць дом. Але ва ўсякую пару года сад дыхаў меланхоліяй і адзінотай, не гледзячы на тое, што за два крокі ад яго быў парыжскі брук, раскошны, поўны шумнага руху вуліцы. У гэтым-жа чароўным кутку панавалі ціша і спакой.

Казета вышла з манастыра амаль дзіцем: ёй было крыху больш чатырнаццаці год. Яна знаходзілася ў няўдзячным узросце падлетка, і твар яе, апрача вачэй, хутчэй быў непрыгожы, чым прывабны; апрача таго, яна была хударлявая, нялоўкая і нясмелая.

Выхаванне яе было скончана: яе навучылі ўсяму, што лічылася ў той час неабходным ведаць маладой дзяўчыне. Перасяліўшыся з манастыра на вуліцу Плюме, яна, па сутнасці, толькі змяніла месца затворніцтва. Жан Вальжан аддаў ёй сад у поўнае распараджэнне. Яна бегала там цэлымі днямі, знаходзячы ў ім невычарпальную крыніцу рознастайнасці. Галоўнае-ж, яна абажала свайго бацьку, гэта значыць Жана Вальжана. Ён быў для яе самым цікавым суразмоўнікам у свеце. Яна не адыходзіла ад яго ні на крок. Яна смутна памятала свае дзіцячыя гады і малілася за маці, якую яна не ведала. Вобраз яе зліваўся ў яе з вобразам Жана Вальжана, які быў для яе ўсім.

Жан Вальжан быў шчаслівы гэтаю прывязанасцю. Ён адчуваў, што думка яго растае ў гэтай асалодзе.