Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/343

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ён стараўся пераканаць сябе, што так будзе заўсёды, што нічога не парушыць цячэння іх жыцця, і ў глыбіні душы дзякаваў богу, што ён дараваў яму, адвержанаму, любоў гэтай нявіннай істоты.

Так прайшло каля года. Аднойчы Казета зірнула ў люстэрка, і ёй здалося, што яна прыгожанькая. Раней яна ніколі амаль не думала пра свой твар і прывыкла, што яе лічылі непрыгожай. І вось раптам люстра сказала ёй зусім іншае. Праз некалькі дзён яна пачула, як старая Тусен гаварыла Жану Вальжану:

— Пан, ці заўважылі вы, якая наша паненка зрабілася прыгожанькая?

Казета не чула, што адказваў бацька, але словы Тусен глыбока закранулі яе. Яна пабегла ў свой пакой, кінулася да люстэрка і не магла не згадзіцца з старою: на яе глядзеў прыгожанькі, свежанькі тварык, асветлены блакітнымі вочкамі. Яна была ў захапленні ад самой сябе.

Жан Вальжан, наадварот, адчуваў глыбокі і невыказны смутак у сэрцы. З некаторых часоў ён не мог не бачыць, што Казета квітнела ўсё пышней і пышней, нібы ранішні золак, змрочны для яго аднаго. Ён прадчуваў нейкую ракавую перамену ў сваім шчаслівым жыцці, — перамену, у якой ён не мог яшчэ разабрацца. Чалавек гэты, які перанёс усе пакуты, прайшоў праз усе знявагі, якія можа толькі даць жыццё, зміраўся з усім, дароўваў усё і маліў лёс толькі аб адным, каб Казета любіла яго. Падтрымліваемы гэтай любоўю, ён адчуваў сябе вылечаным, заспакоеным, узнагароджаным, адпачыўшым. Ён не патрабаваў іншага шчасця.

„Яна такая красуня. Што будзе са мною?“ думаў ён, з жахам гледзячы на маладую дзяўчыну.

Праз месяц Казету нельга было пазнаць. Інстынктыўна разам з прыгожасцю з’явілася жаданне старанна заняцца сваім туалетам. Аднойчы ў час прагулкі яна чула, як хтосьці сказаў у яе за спіной:

— Прыгожанькая жанчына, а як дрэнна апранута.

Яна не падумала, што гэтая заўвага датычыць яе, таму што лічыла сябе тады яшчэ непрыгожай. Але цяпер, усведамляючы сваю прывабнасць, яна рашыла замяніць сваё агіднае манастырскае ўбранне прыгожай гарадской сукенкай.

У першы раз, калі Казета надзела для гуляння новую сукенку, яна, радасная і шчаслівая, пайшла гуляць з Жанам Вальжанам, які з трывожным смуткам не зводзіў з яе вачэй.

У гэты самы час Марыус убачыў яе ў Люксембургскім садзе пасля шасцімесячнага прамежку.