Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/330

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

уладзе і што ніякая сіла не вызваліць вас адсюль. Мне будзе вельмі непрыемна, калі давядзецца ўжыць крайнія меры. Я не ведаю ні вашага імя, ні адраса, але вы астанецеся звязаны да таго часу, пакуль пасланы з вашым пісьмом не прынясе адказу. Цяпер патурбуйцеся, калі ласка, напісаць наступнае.

Пан Леблан узяў пяро. Тэнард'е плачаў дыктаваць:

„Дачка мая…“

Палонны здрыгануўся і зірнуў на Тэнард'е.

— Пішыце: „Мілая мая дачка…“ — сказаў Тэнард'е.

Пан Леблан слухаўся. Тэнард'е казаў далей:

„Прыязджай зараз-жа…“ — Ён спыніўся. — Вы-ж гаворыце ей „ты“, ці-ж не праўда? — запытаў ён.

— Каму? — запытаў пан Леблан.

— Чорт вазьмі! — ускрыкнуў Тэнард'е. — Ды дзяўчынцы! Жаўранку.

— Не разумею, што вы гаворыце, — адказаў спакойна пан Леблан.

— Ну, ды ўсёроўна! — І ён зноў дыктаваў далей: — „Прыязджай зараз-жа. Ты мне неабходна. Асоба, якая перадасць табе гэтае пісьмо, прывязе цябе да мяне. Я чакаю цябе. Не палохайся нічога“.

Пан Леблан напісаў усё прадыктаванае. Тэнард'е сказаў:

— Выкрасліце „не палохайся нічога“. Гэта яшчэ навядзе яе на падазрэнне.

Стары выкрасліў апошнія словы.

— Цяпер падпішыцеся, — сказаў Тэнард'е. — Як вас завуць?

Палонны паклаў пяро на стол і запытаў:

— Для каго гэта пісьмо?

— Вы добра ведаеце, — адказаў Тэнард'е. — Для дзяўчынкі. Я-ж вам ужо сказаў. Падпішыцеся. Як вас завуць?

— Урбен Фабр, — адказаў стары.

Тэнард'е выхапіў з кішэні насавую хустачку і адшукаў метку.

— У. Ф., правільна. Урбен Фабр, — праказаў ён.

Палонны падпісаўся.

— Цяпер надпішыце адрас, — сказаў Тэнард'е, склаўшы пісьмо. — Мадэмуазель Фабр і дом, дзе вы жывеце. Гэта-ж, напэўна, недалёка, таму што вы ходзіце ў царкву нашага прыходу, паколькі вы правільна сказалі сваё імя, то, думаю, вы не зманіце ў адрасе. Надпішыце.

Палонны на імгненне задумаўся, потым узяў пяро і надпісаў:

„Мадэмуазель Фабр, кватэра пана Урбена Фабра, вуліца Сен-Дамінік, № 17.“