Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/329

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

асаблівасць: гэта тое, што вы ўвесь час ні разу не крыкнулі.

Сапраўды, Пан Леблан ледзь толькі праказаў некалькі слоў, не ўзвышаючы голасу, і нават у бойцы, калі яго цягнулі ў пакой, ён захоўваў маўчанне.

— Божа мой, — казаў далей Тэнард'е, — вы маглі-б паклікаць на дапамогу, крычаць „каравул“. У такім становішчы, у якім вы знаходзіцеся ў гэтую хвіліну, гэта так зразумела. Дапусцім, што гэта было-б бескарысна, ніхто нічога не пачуў-бы, але крычаць вам ніхто не перашкодзіў-бы. Вы-ж і рота не разявілі, з чым вас і віншую, і скажу вам, які я з гэтага зрабіў вывад. Калі крычаць, з'яўляецца паліцыя, а за паліцыяй правасуддзе. Калі вы маўчыце, значыць, вы, таксама як і мы, ніколькі не жадаеце мець з імі справы. Гэта азначае яшчэ, я даўно ўжо сцяміў, што ў вас ёсць які-небудзь інтарэс хавацца. У нас ён таксама ёсць. Так што мы зразумеем адзін аднаго.

Пры гэтым ён утаропіўся на пана Леблана дапытлівым позіркам, нібы жадаючы пранікнуць у яго сумленне. Заўвага Тэнард'е наконт маўчання палоннага зрабіла непрыемнае ўражанне на Марыуса, які спачатку і не звярнуў на гэта ўвагі. Цемра, якая ахутвала ў яго вачах пана Леблана, згусцілася яшчэ больш. Але глыбокі спакой старога, не гледзячы на яго жахлівае становішча ў гэтую хвіліну, не мог не выклікаць захаплення ў маладым чалавеку.

— Мы паладзім, кажу я, — гаварыў далей Тэнард'е. — Я было ўскіпеў і нагаварыў глупстваў. Я сказаў, што мне трэба шмат грошай. Гэта бязглуздзіца. Я не жывадзёр які-небудзь. Мне проста-на-проста патрэбна дзвесце тысяч франкаў, вось і ўсё.

Пан Леблан маўчаў.

— Вы бачыце, я зусім не вымагальны, — зноў казаў Тэнард'е. — Вы мне дасце гэтыя грошы, і ўсё будзе скончана. Ручаюся вам, што тады вам не будзе чаго больш баяцца. Вы мне скажаце: „Са мною няма такой сумы“. Дык вы патурбуйцеся напісаць тое, што я вам прадыктую.

Тэнард'е падсунуў стол, выняў чарнільніцу і пяро і паклаў перад панам Лебланам ліст паперы.

— Пішыце! — сказаў ён.

— Вы хочаце, каб я пісаў са звязанымі рукамі? — праказаў, нарэшце, палонны.

— Ах, так, выбачайце, — адказаў Тэнард'е, — ваша праўда. Гэй, вы, адвяжыце-ка яму правую руку!

Калі рука стала вольная, Тэнард'е памакнуў пяро ў чарніла і падаў яго пану Леблану, гаворачы:

— Памятайце, паважаны судар, што вы цалкам у нашай