Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/324

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

маімі дачкамі. Адна толькі беднасць прымушае мяне расстацца з ёю.

Выпадкова позірк пана Леблана з карціны перайшоў у куток пакоя. Там ужо было чацвёра нейкіх людзей, якія бязгучна сядзелі на ложку. Жандрэт заўважыў гэта.

— Гэта ўсё прыяцелі, суседзі, — сказаў ён. — Не турбуйцеся, судар, але купіце маю карціну. Злітуйцеся над галечаю. Я з вас дорага не вазьму. Колькі вы за яе дасце?

— Дык гэта-ж проста нейкая шынкарская шыльда, — адказваў пан Леблан, гледзячы на Жандрэта і пачынаючы штосьці прадчуваць. — Яна каштуе, бадай, франкі тры.

Жандрэт спакойна адказваў:

— Ці з вамі ваш партманет? Я задаволюся тысячай экю.

Пан Леблан падняўся з месца і абвёў вачыма пакой. Жандрэт стаяў ад яго налева, каля акна, а жонка яго і чацвёра ўвайшоўшых направа ля дзвярэй. Апошнія не варушыліся, нібы нічога не бачылі. Жандрэт зноў пачаў гаварыць такім жаласным тонам і з такім збянтэжаным позіркам, што пан Леблан мог падумаць, што ён звар'яцеў ад гора:

— Калі вы, дабрадзей, не купіце ў мяне карціну, то я астануся без ніякіх сродкаў і мне прыдзейца кінуцца ў ваду. Я і рамяства ніякага не магу пачаць, таму што патрэбны інструменты, а купіць іх няма за што. Як-жа вы хочаце, каб мы жылі?

Жандрэт не глядзеў на пана Леблана; вочы Леблана накіраваны былі на Жандрэта, а вочы Жандрэта — на дзверы. Марыус, ледзь дыхаючы, пераводзіў позірк з аднаго на другога. Раптам вочы Жандрэта зіханулі, ён зрабіўся страшны. Ён выпрастаўся ва ўвесь свой невялікі рост і, зрабіўшы крок да пана Леблана, закрычаў яму ў твар грамавым голасам:

— Усё гэта чысцейшая бязглуздзіца! Ці пазнаеце вы мяне?

Дзверы мансарды адчыніліся, і на парозе раптам з'явіліся яшчэ тры чалавекі ў сініх блузах і з чорнымі папяровымі маскамі на тварах.

Жандрэт толькі і чакаў іх з'яўлення.

Пан Леблан быў вельмі бледны. Здавалася, ён толькі што пачаў разумець, куды папаў, але ў ім не відаць было ніякік адзнак страху. З стала ён зрабіў сабе нешта накшталт умацавання і з чалавека, які здаваўся за хвіліну перад гэтым добрым старым, ператварыўся раптам у асілка