Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/323

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Жандрэт? — паўтарыў пан Леблан. — Я думаў, што вас завуць Фабанту.

— Фабанту-Жандрэт! Псеўдонім артыста, — жвава падхапіў муж, прычым кінуў на жонку позірк, які не патрабаваў тлумачэння. Ён прадаўжаў: — Ах, судар, мы заўсёды жылі з ёю душа ў душу. А цяпер нас ахапіла нястача. Работы ніякай нідзе ні за што не дастанеш. Ад нашага ранейшага багацця нічога не асталося, апрача адной карціны, якою я надзвычайна даражу, але з якой воляй-няволяй давядзецца расстацца. Што рабіць, трэба жыць.

Пакуль ён гаварыў, Марыус, зірнуўшы выпадкова ў глыбіню пакоя, заўважыў раптам нейкага чалавека, які незядома адкуль з'явіўся. Ён увайшоў так ціха, што ніхто нічога не чуў, і бясшумна сеў на ложак ззаду за Жандрэтам; яго было ледзь відаць.

Інстынктыўна пан Леблан таксама ўзняў галаву. Ён не мог утрымацца ад лёгкага жэсту здзіўлення, што адразу і заўважыў Жандрэт.

— Ах, вы глядзіце на мой сурдут! — ускрыкнуў ён, ускочыўшы і зашпільваючыся даверху. — Ён прышоўся мне ў самы раз.

— Хто гэты чалавек? — запытаў пан Леблан.

— Гэта? Гэта сусед, не звяртайце на яго ўвагі, — адказваў Жандрэт.

„Сусед“ меў вельмі дзіўны выгляд. Твар пана Леблана быў, як і раней, ясны і спакойны.

— Выбачайце, пан Фабанту, — сказаў ён, — вы, здаецца, штосьці мне гаварылі.

— Так, судар, так, дарагі дабрадзей, — адказваў Жандрэт, абапіраючыся на стол і пільна гледзячы ў вочы пана Леблана, — я вам сказаў, што ў мяне ёсць карціна на продаж.

Пачуўся лёгкі шум ля дзвярэй. Увайшоў яшчэ нейкі чалавек і сеў ззаду за Жандрэтам.

— Не звяртайце на іх увагі, — сказаў Жандрэт, заўважыўшы, што пан Леблан зноў выразіў неўразуменне на сваім твары.

— Гэта ўсё тутэйшыя. Дык вось, кажу, гэта каштоўная карціна; зірніце, судар.

Ён узяў ля сцяны раму, павярнуў яе ліцавым бокам у пакой. На палатне намалявана было сапраўды нешта накшталт карціны. Марыус нічога не мог разабраць на ёй, таму што Жандрэт замінаў бачыць.

— Што гэта такое? — запытаў пан Леблан.

— О, гэта твор вялікага майстра, дарагі дабрадзей. Гэта вялікі скарб; я даражу гэтай карцінай столькі-ж, сколькі і