Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/325

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і сваім дужым кулаком сціснуў спінку крэсла з грозным і смелым выглядам.

Трое з тых, якіх Жандрэт называў прыяцелямі, выбралі з кучы жалезнага ламачча: адзін вялікія нажніцы, другі абцугі, а трэці малаток і ціха сталі каля дзвярэй. Чацверты, стары, заснуў на ложку. Жанчына сядзела поруч з ім.

Марыус падумаў, што настаў час умяшацца і падняў правую руку ўверх, у кірунку да калідора, каб даць сігнал пісталетам.

У гэты час Жандрэт зноў абярнуўся да пана Леблана і са стрыманым, ціхім і жахлівым смехам паўтарыў сваё пытанне:

— Вы хіба не пазнаеце мяне?

Пан Леблан глядзеў яму проста ў твар і адказваў:

— Не.

Тады Жандрэт падышоў да самага стала і прыгнуўся да твара пана Леблана; у вачах у яго быў выраз дзікага звера, які сабраўся ўкусіць. Ён закрычаў:

— Мяне завуць не Фабанту, мяне завуць не Жандрэт, а я — Тэнард'е! Шынкар з Манфермейля! Ці чуеце? Тэнард'е. Цяпер ці пазналі вы мяне?

Ледзь прыкметная чырвань разлілася па твару пана Леблана, і ўсё тым-жа ціхім і спакойным голасам, з сваёй звычайнай ласкавасцю, ён адказваў:

— Ніколькі.

Марыус не чуў гэтага адказу. Каб хто паглядзеў на яго ў гэтую хвіліну, то ўбачыў-бы, што ён нібы паражоны громам. У тую хвіліну як Жандрэт праказаў: „Я — Тэнард'е“, Марыус задрыжаў усімі членамі і прыхінуўся да сцяны, нібы халоднае лязо мяча працяло яго сэрца. Потым правая рука яго, гатовая стрэліць, ціха апусцілася, і ў тую хвіліну, як Жандрэт паўтарыў: „Ці чуеце? Тэнард'е“, Марыус ледзь не ўпусціў пісталета. Пан Леблан, як відаць, не ведаў Тэнард'е, але Марыус ведаў яго. Ён насіў гэтае імя ў сэрцы, у самым свяшчэнным кутку яго, разам з памяццю аб бацьку. Ён памятаў словы завяшчання: „Нехта па імю Тэнард'е выратаваў мне жыццё. Калі сын мой спаткае яго калі-небудзь, то няхай зробіць для яго столькі дабра, колькі можа“. І вось ён як спаткаў яго! Якая злая насмешка лёсу! Ён даў урачыстае абяцанне, што калі адшукае калі-небудзь Тэнард'е, то кінецца да яго ног. І вось ён адшукаў яго, каб аддаць у рукі ката! Чалавека, які выратаваў жыццё яго бацьку, вывесці на плошчу ганьбы! Берагчы так доўга завет, каб, калі настане час выканання, зрабіць зусім наадварот! Але, з другога боку, быць сведкам злачынства і не перашкодзіць яму? Як, здрадзіць перад афярай і выратаваць