Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/304

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ўразілі яго, як стальны клінок. Яго натхненне раптам знікла. Калі ён узняў вочы, Камбфера больш не было. Услед за ім разышліся і астатнія. Пакой апусцеў! Астаўся адзін толькі Анжальрас. Ён сур'ёзна глядзеў на Марыуса. Той сабраўся з думкамі і хацеў было весці далей гутарку, як раптам з лесніцы данесліся спевы. Гэта быў голас выходзіўшага Камбфера. Ён спяваў:

Калі мне Цэзар прапануе
Палкаводцам слаўным быць
І мне прыдзецца радную
Сваю маці пазабыць, ―

Я скажу: "Вазьміце славу.
Я вяртаю вам дзяржаву".
Растлумачу каралю,
Як матулю я люблю.

Марыус, заняты сваімі думкамі, амаль машынальна паўтарыў: "Маці?.."

Тут ён раптам адчуў руку Анжальраса на сваім плячы:

― Грамадзянін, ― сказаў Анжальрас, ― мая маці ― рэспубліка.

Марыус быў глыбока ўсхваляваны гэтай размовай. Усе зго ранейшыя ўяўленні пахіснуліся. Яго мучылі сумненні, душыла няпэўнасць. Ён праводзіў цэлыя дні адзін, у размышленнях. У кафэ "Мюзен" ён больш не хадзіў.

XVІІІ

МАРЫУС У НЯСТАЧЫ

Жыццё зрабілася суровае для Марыуса. Ён праеў сваё адзенне і гадзіннік і пачаў галадаць. Яго адольвала галеча. Яму здавалася, што ўсе глядзяць на яго падраныя боты, на зношанае адзенне і смяюцца з яго. Ён пазнаў ложны сорам галечы.

Для яго настаў час вялікага і страшнага выпрабавання, з якога людзі слабыя выходзяць нізкімі, дужыя — робяцца часам вялікімі. Гэта гаряла, куды лёс кідае чалавека кожны раз, калі хоча стварыць нягодніка або генія. Некалькі разоў цётка Жыльнарман прысылала яму грошы, але ён заўсёды адсылаў іх назад, упэўніваючы, што ні у чым не мае патрэбы. Ён усё яшчэ насіў жалобу па бацьку і лічыў сябе не ў праве прымаць дапамогу ад людзей, якія так дрэнна адносіліся да нябожчыка. З цягам часу ў яго знікла вострае пачуццё супроць дзеда, гора і пакуты, якія ён цярпеў зараз, нават радавалі яго, бо ён лічыў сябе шчаслі-