Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/305

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вым, што пакутуе за бацьку. Ён лічыў сваё цяперашняе жыццё адпакутваннем за тую кашчунскую абыякавасць, якая была ў яго ў адносінах да бацькі на працягу жыцця старога.

Так прайшло тры гады, Марыус скончыў курс, але не зрабіўся адвакатам, а, вывучыўшы англійскую і нямецкую мову, заняўся літаратурай. Яна давала яму заработак вельмі нязначны, але ўсведамленне поўнай волі і незалежнасці замяняла недахоп матэрыяльных сродкаў.

Між тым, думка пра тое, што ён не выканаў адзінага завета бацькі — не знайшоў Тэнард'е, не давала яму спакою.

Каб адшукаць яго, Марыус аддаў-бы правую руку. Ён падышоў-бы да яго і сказаў:

— Вы мяне не ведаеце, а я вас ведаю. Рабіце са мной што хочаце.

Гэта была самая заветная, самая салодкая мара Марыуса.

Імя Тэнард'е асталося ў яго сэрцы побач з імем бацькі. Ён ніколі ў думках не аддзяляў аднаго ад другога і глыбока паважаў абодвух.

К гэтаму часу сродкі Марыуса настолькі зменшыліся, што ён павінен быў перасяліцца з сваёй кватэры ў Лацінскім квартале ў самую аддаленую частку горада. Такою аказаўся бульвар Опіталь і дом № 50-52, вядомы нам ужо пад назвай халупы Гарбо. Марыус заняў малюсенькую каморку, амаль без усякай мэблі. Побач з ім, у канцы калідора, жыла якаясьці сям'я, па прозвішчу Жандрэт. Аднойчы старая, якая прыслугоўвала Марыусу, расказала яму, што суседзяў яго выганяюць з кватэры за неплацёж грошай.

— Колькі яны вінны? — запытаў юнак.

— Дваццаць франкаў.

У маладога чалавека было трыццаць. Ён даў старой грошы і сказаў:

— Вось дваццаць пяць франкаў: дваццаць за кватэру, а пяць аддайце ім! Толькі не кажыце, што гэта ад мяне.

У гэты час Марыус быў прыгожы дваццацігадовы малады чалавек, з вялікім разумным ілбом, тварам спакойным і задуменным. Манеры яго былі стрыманыя, халодныя і ветлівыя. Ён, як і раней, ні з кім не дружыўся і ўнікаў кампаніі, асабліва жанчын. Ад апошніх ён проста ўцякаў. Былі, між іншым, ва ўсім свеце дзве, якіх ён не баяўся, але не звяртаў на іх увагі: гэта старая, якая прыбірала яго пакой, і якасьці дзяўчынка, якую ён часта сустракаў, але ніколі не глядзеў на яе.

Ужо больш як год у адной з самых аддаленых алей Люксембургскага саду Марыус заўважаў нейкага старога з маладзенькай дзяўчынкай, якія сядзелі заўсёды поруч на