Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/302

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Жан Прувер займаўся эканамічнымі і соцыяльнымі навукамі. Ён быў адзін з самых адукаваных членаў гуртка. Добры, мяккі, вельмі сарамлівы, ён гаварыў ціха, злёгку чырванеў і апускаў вочы, быў нязграбны і дрэнна апранаўся.

Фейі быў рабочы. Ён ледзь зарабляў тры франкі ў дзень. З дзіцячых год ён імкнуўся да адукацыі. Ён навучыўся самавучкай чытаць і пісаць, усе свае веды ён набыў сам. Круглы сірата, ён любіў усё чалавецтва. Не маючы маці, прысвяціў сваё жыццё рэволюцыі. Прыгнечаныя ўсіх краін і ўсіх народаў былі заўсёдашнім прадметам яго думак і пачуццяў.

Курфейрак быў малады студэнт, вясёлы, бесклапотны і дабрадушны.

Багарэля таварышы любілі за храбрасць. Ён заўсёды быў гатовы разбіць вокны, пабудаваць барыкаду, звергнуць уладу. Яго лічылі гультаём, ён не любіў вучыцца. Універсітэт ён называў „дзедам“, а прафесараў — „манументамі“. Пра сваіх бацькоў — сялян — ён гаварыў: „Гэта сяляне, а не буржуа, вось чаму яны разумныя“.

Легль вывучаў юрыдычныя навукі. Ён быў бедны, вёў бязладны спосаб жыцця і начаваў папераменна то ў аднаго, то ў другога з таварышоў, часцей за ўсё ў студзнта-медыка Жалі. Гэты Жалі быў самы вясёлы з усіх.

Грантэр, куціла і насмешнік, прыстаў да гуртка толькі таму, што палюбіў Анжальраса. Без Анжальраса не мог жыць на свеце. Не верачы ні ў што, ён захапляўся самым пераконаным, самым палкім розумам гуртка, нібы шукаў у ім апоры. Да таго-ж Грантэр не мог жыць без дружбы. Розум у яго быў злы, але гэта не перашкаджала яму быць прывязлівым і добрым. Для прыяцеляў ён мог зрабіць усё на свеце.

Анжальрас злаваўся на яго за п'янства і вечныя кпіны з таго, у што ён сам палка верыў. Ён шкадаваў Грантэра, але бываў з ім рэзкі. Грантэр крыўдзіўся, адыходзіў, але заўсёды вяртаўся.

Марыус выпадкова пазнаёміўся з Леглем і Курфейракам.

Праз некалькі дзён яны зрабіліся прыяцелямі, Марыусу добра было з Курфейракам. Той яго ні пра што не распытваў. Яны весела гаварылі пра ўсякія глупствы.

Але аднойчы раніцою Курфейрак раптам азадачыў яго пытаннем:

— А дарэчы, ці прытрымліваецеся вы якіх-небудзь палітычных поглядаў?

— Дзіўнае пытанне! — адказаў Марыус, крыху абражаны.