Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/301

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

нам, рабочымі, другое — студэнтамі. Звычайныя нарады „Прыяцеляў народу“ адбываліся ў заднім пакоі кафэ „Мюзен“.

Гэта быў пакой, даволі далёкі ад галоўнага зала кафэ. Яго злучаў з ім доўгі калідор. У ім былі два акны і асобны выхад на лесніцу, якая вяла ў завулак дэ-Грэ. У гэтым пакоі курылі, пілі, гулялі, смяяліся; гучна гутарылі пра ўсё і, прыцішыўшы голас, пра галоўнае. Да сцяны была прыбіта старая карта Францыі пры рэспубліцы. А ўжо адно гэта магло ўстрывожыць паліцэйскіх агентаў.

„Прыяцелі народу“ былі студэнты, але яны дзейнічалі ў згодзе з рабочымі. Імёны іх захавала гісторыя: Анжальрас, Камбфер, Жан Прувер, Фей, Курфейрак, Багарэль, Легль, Жолі, Грантэр. Маладыя людзі былі так дружны паміж сабою, што складалі нібы адну сям'ю. Усе яны, апрача Легля, былі з поўдня.

Анжальрас быў цудоўны юнак, які мог быць грозным. Яму было дваццаць два гады, але выглядаў ён амаль хлопчыкам. Ён быў харашун з сінімі вачыма, з далікатным румянцам на твары. Над высокім ілбом віліся светлыя кудры, губы ў яго былі пухкія, зубы асляпляльна зіхцелі. Шчасце ўсміхалася Анжальрасу, але ён сурова адварочваўся ад яго і жыў, як пустэльнік. Ён нібы не заўважаў вясны і не чуў спеву птушак. Кветкі лічыў патрэбнымі толькі на тое, каб хаваць рэволюцыйны меч. Яго адзінай страсцю была рэспубліка.

Лепшым сябрам Анжальраса быў Камбфер — вучоны і мысліцель. Ён вывучаў Сен-Сімона[1] і Фур'е, займаўся фізікай, хіміяй, геалогіяй, пытаннямі выхавання і народнае асветы. Анжальрас далучаўся да Робесп'ера[2], Камбфер — да Кандарсе[3]. Гэтыя маладыя людзі ўзаемна дапаўнялі адзін аднаго. Анжальрас быў галавой гуртка, Камбфер — яго кіраўніком.

  1. Сен-Сімон (Анры Клод, 1760–1825) — адзін з аснавальнікаў утапічнага соцыялізма ў Францыі, аўтар выдатных работ па соцыяльнай рэфармацыі. Яго вучэнне было прадоўжана Базарам і Анфангэнам і носіць назву сен-сіманізма.
  2. Робесп'ер (Максіміліян Мары Ісідар, 1758–1791) — адзін з выдатных дзеячоў Вялікай французскай буржуазнай рэволюцыі. Правадыр якабінцаў, рэволюцыйнай партыі дробнай буржуазіі. У 1791 годзе (9 тэрмідора) Робесп'ер быў пакараны смерцю.
  3. Кандарсе (Жан Антуан Ніколь, 1743–1794) — пісьменнік і палітычны дзеяч, пасля камісар нацыянальнага казначэйства. Кандарсе заснаваў першую рэспубліканскую газету ў Парыжы. Палітычныя погляды Кандарсе часта хісталіся. Сваім пратэстам супроць пакарання Людовіка XVI, а таксама варожасцю да Канвента, Кандарсе выклікаў да сябе падазрэнне рэволюцыйнага ўрада, быў арыштаваны і атруціўся ў турме.