Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/293

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

насіць яго. Няма чаго і казаць, што ён акажацца яго вартым".

На адваротным баку запіскі палкоўнік прыпісаў:

„У гэтай самай бітве пры Ватэрлоа адзін сержант выратаваў мне жыццё. Гэтага чалавека завуць Тэнард'е. У апошні час, наколькі мне вядома, ён трымае невялікі шынок у аколіцах Парыжа, здаецца ў Манфермейлі. Калі мой сын спаткае яго калі-небудзь, то няхай зробіць для яго ўсё, што можа“.

Не з любові да бацькі, а з-за невытлумачальнай павагі да смерці, якая заўсёды моцна ў сэрцы кожнага чалавека, Марыус склаў і схаваў спісаны лісток.

Нічога не асталося пасля палкоўніка. Пан Жыльнарман прадаў рыззёўшчыку яго шпагу і мундзір. Суседзі разбурылі сад і расцягнулі раскошныя кветкі. Астатнія рэдкія расліны зараслі быльняком і хмызняком. Мала-па-малу яны заглухлі.

Марыус прабыў у Верноне сорак восем гадзін. Пасля пахавання ён адразу-ж вярнуўся ў Парыж і зноў узяўся за свае справы, не думаючы больш пра свайго бацьку, нібы яго ніколі не было на свеце. Праз два дні палкоўнік быў пахаваны, праз тры — забыты.

Марыус навязаў толькі крэп на капялюш. Вось і ўсё.

Марыус захаваў рэлігійныя прывычкі дзіцячых год. Аднойчы ў нядзелю, калі ён адправіўся к абедні ў тую самую царкву, куды цётка вадзіла яго яшчэ дзіцем, ён, чамусьці рассеяны ў гэты дзень больш як звычайна, сеў, сам таго не заўважаючы, у крэсла, абабітае аксамітам, на спінцы якога быў надпіс: „Пан Мабеф, стараста.“ Абедня толькі пачалася, як да Марыуса падышоў якісьці стары і сказаў:

— Судар, дазвольце, гэта маё месца.

Марыус паспешна падняўся, і стары заняў сваё крэсла.

Калі абедня скончылася, Марыус заставаўся стаяць некалькі хвілін у задуменні. Стары падышоў да яго і сказаў:

— Выбачайце, паважаны судар, што я патурбаваў вас гадзіну таму назад і што зноў турбую зараз. Вы, напэўяа, палічылі мяне за грубіяна, але я павінен вытлумачыць вам мой учынак.

— Гэта зусім лішняе, паважаны судар.

— Не, гэта неабходна, — адказваў стары. — Я не хачу, каб вы думалі пра мяне дрэнна. Бачыце, маё месца мне вельмі дорага. Мне здаецца, што з гэтага месца мне лепш чуваць абедню. Чаму? Я гэта вам зараз вытлумачу. З гэтага месца я на працягу дзесяці год бачыў, як акуратна кожныя два ці тры месяцы адзін бедны і мужны бацька прыходзіў зірнуць на свайго сына, таму што сямейныя адносіны не дазвалялі яму бачыцца з ім інакш. Ён прыходзіў к абедні ў