Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/294

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

той час, калі прыводзілі яго сына ў царкву. Хлопчык не падазраваў, што яго бацька тут. Магчыма, ён, нявінная душа, і не ведаў нават, што ў яго ёсць бацька. Бацька-ж стаяў, схаваўшыся за калону, каб яго не бачылі. Ён глядзеў на сваё дзіця і плакаў. Ён абажаў сына, небарака. Я гэта бачыў, і маё месца зрабілася для мяне свяшчэнным. Я прывык адсюль слухаць абедню. Я нават крыху быў знаёмы з гэтым няшчасным чалавекам. У яго былі багатыя сваякі, якія пагражалі пазбавіць дзіця спадчыны, калі бацька будзе старацца бачыць яго. Тады ён ахвяраваў сябе для шчасця сына. Ен быў палкоўнік Банапарта і памёр цяпер. Ён жыў у Верноне, дзе мой брат папом. Яго звалі, здаецца, Панмары ці Манперсі… У яго быў вялізны шрам на твары ад удару шаблі.

— Панмерсі, — падказаў Марыус, бляднеючы.

— Так, так, Панмерсі. Хіба вы яго ведалі?

— Гэта быў мой бацька, — адказваў Марыус.

Стары пляснуў рукамі і ўскрыкнуў:

— Дык гэта вы — той хлопчык? Так, праўда, ён павінен быць дарослы. О, беднае дзіця, вы смела можаце сказаць, што бацька ваш вельмі вас любіў!

Марыус прапанаваў старому руку і праводзіў яго дадому.

На другі дзень ён сказаў пану Жыльнарману:

— Мы з таварышамі хочам адправіцца на паляванне. Ці можна мне адлучыцца на тры дні?

— Хоць на чатыры, — адказваў стары. — Ідзі, весяліся. Напэўна, закахаўся, — заўважыў ён убок дачкі.

Пасля трохдзёйннай адсутнасці Марыус вярнуўся ў Парыж, адразу адправіўся ў бібліятэку і запатрабаваў усе газеты эпохі напалеонаўскіх войнаў. Перачытваючы іх, ён раз за разам сустракаў імя свайго бацькі ў справаздачах вялікай арміі і цэлы тыдзень быў, як у ліхарадцы. Ён адшукаў старых генералаў, пад начальствам якіх служыў яго бацька, а потым наведаў Мабефа, які падрабязна расказаў яму пра жыццё палкоўніка ў Верноне, пра яго сад і кветкі. І Марыус, нарэшце, пазнаў цалкам гэтага рэдкага, спакойнага і цудоўнага чалавека, гэтага ціхамірнага ільва, які быў яго бацькам.

Захоплены гэтымі пошукамі, юнак вельмі рэдка бачыўся з сваім дзедам. Ён паказваўся толькі ў час абеду і снедання, а потым знікаў кудысьці. Цётка бурчэла, дзед смяяўся, упэўнены, што тут пэўна замяшана каханне.

Марыус, між тым, аддаючыся ўсё больш і больш пошукам матэрыялаў пра бацьку, у вывучэнне часу, калі жыў гэты чалавек, дайшоў да таго, што пачаў проста багатварыць яго. З прыхільнікаў Бурбонаў ён зрабіўся палкім абажа-