Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/274

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

лінія рушыла наперад і перайшла ў наступленне, у французскай арміі было зроблена вялізнае спусташэнне, англійская і пруская карцеч дзейнічалі заадно, робячы спусташэнне з фронта і з флангаў. Сярод такога жахлівага разбурэння ўступае ў бой гвардыя.

Прадчуваючы сваю пагібель, гвардыя крычала: „Няхай жыве імператар!“ У гісторыі няма нічога больш узрушаючага, як гэтая агонія, што выразілася радаснымі крыкамі.

Цэлы дзень неба было пакрыта хмарамі. Раптам у гэты самы момант — было сем гадзін вечара — хмары на гарызонце разарваліся і праз вязы, што раслі ўдоўж Нівельскай дарогі, выглянуў вялізны чырвоны, злавесны дыск заходзячага сонца. Пры Аўстэрліцы яно ўзыходзіла. Кожны гвардзейскі батальён быў пад камандай генерала. Калі ў тумане сутычкі з'явіліся высокія шапкі з арламі гвардзейскіх грэнадзёраў, сіметрычна выстраеных, спакойных, прыгожых, непрыяцель адчуў павагу да Францыі. Можна было падумаць, што на полі бітвы з'явілася дваццаць перамог з распасцёртымі крыллямі, і пераможцы, лічачы сябе пераможанымі, падаліся назад, але Велінгтон ускрыкнуў: „Наперад, гвардзейцы, і цэльцеся вярней!“ Полк чырвоных англійскіх гвардзейцаў, які залёг ззаду за агарожаю, падняўся, і цэлая хмара карцечы прабіла трохкаляровы сцяг, што развяваўся сярод французскіх арлоў. Усе рынуліся наперад, і пачалася страшэнная разня. Імператарская гвардыя адчула ў цемры, што армія вакол яе пачынае адступаць і гатова кінуцца ў бязладнае бегства. Яна пачула крык: „Ратуйся, хто можа!“ замест „Няхай жыве імператар!“ і калі ззаду ў яе ўсё бегла, яна ўсё яшчэ рухалася наперад, з кожным крокам усё больш і больш трацячы сілы і людзей. Тут не было ні нерашучых, ні баязлівых. Кожны салдат у гэтым атрадзе быў такім-жа самым героем, як і генерал. Кожны з іх ішоў на пэўную смерць.

Ней у шаленстве, вялікі сазнаннем блізкай смерці, падстаўляў сябе пад усе ўдары гэтай буры. Пад ім забілі пятага каня. Увесь спацелы, з палаючымі вачыма і з пенай на губах, у расшпіленым мундзіры, з эпалетай, напалову адсечанай ударам шаблі, з ордэнскім знакам Вялікага арла, пагнутым куляй, скрываўлены, пакрыты гразёю і ў той-жа час цудоўна прыгожы, са зломанай шпагай у руцэ, ён ускрыкнуў: „Глядзіце, як памірае маршал Францыі на полі бітвы!“ Але дарэмна: ён не памёр. Пад залпамі артылерыі, якая граміла гэтую жменю людзей, ён крычаў: „Няўжо нічога не знойдзецца для мяне? О, я жадаў-бы, каб усе гэтыя англійскія ядры паразілі маё цела!“ Няшчасны, ты астаўся жывы для таго, каб загінуць ад французскіх куль.