Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/275

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Х

КАТАСТРОФА

Бегства ззаду за гвардыяй было плачэўнае. Армія раптоўна падалася па ўсёй лініі разам: ля Гугамона, Ге-Сента, Папелота і Плансенуа. За крыкам: „Здрада!“ пачуўся крык: „Ратуйся, хто можа!“ Уцякаючае ў бойцы войска падобна да адлігі. Усё падаецца, трашчыць, рыпіць, хістаецца, разбураецца, падае, сутыкаецца, спяшаецца, імкнецца. Надзвычайнае раздрабленне! Ней дастае сабе каня, ускоквае на яго і без капелюша, без гальштука, без шпагі становіцца ўпоперак Брусельскага шасе, спыняючы заадно англічан і французаў. Ён стараецца ўтрымаць войскі, кліча іх, засыпае іх лаянкай, чапляецца за тых, што бягуць. Ён у шаленстве. Салдаты бягуць ад яго з крыкам: „Няхай жыве маршал Ней!“ Самае жахлівае ў бітве — гэта бегства: прыяцелі забіваюць адзін аднаго, каб уцякаць; эскадроны і батальёны разбіваюцца адзін аб адзін і разбягаюцца — гэта пена бітвы. Лабо на адным канцы, а Рэйль на другім былі таксама захоплены гэтым патокам. Дарэмна Напалеон утварае перашкоды з рэштак гвардыі, дарэмна ён у апошнім намаганні траціць свае запасныя эскадроны. Напалеон галопам даганяе беглякоў, лае іх, угаварвае, пагражае, умальвае. Усе вусны, якія крычалі раніцою „Няхай жыве імператар“, цяпер бязгучныя; яго ледзь пазнаюць. Нова прыбыўшая пруская кавалерыя кідаецца на іх, ляціць, коле, сячэ шаблямі, забівае, знішчае. Вупражныя коні шалеюць, артылерыя кінулася бегчы, салдаты абозу выпрагаюць коней з фургона і верхам на іх уцякаюць; перакуленыя фургоны ляжаць коламі ўверх, загароджваюць дарогу і садзейнічаюць разні. Ваюючыя расціскаюць і топчуць адзін аднаго, наступаюць на мёртвых і жывых. Рукі сякуць куды пападзе. Вялізны натоўп запружвае дарогі, сцежкі, масты, даліны, узгоркі, раўніны, лясы; усё перапоўнена ўцякаючым саракатысячным натоўпам. Крыкі, роспач; салдаты кідаюць ранцы і стрэльбы ў жыта і расчышчаюць дарогу шаблямі. Няма больш ні таварышоў, ні афіцэраў, ні генералаў — пануе адзін невыказны жах. Такое было гэтае бегства. У Жэмапе стараліся спыніцца і пастроіцца. Лабо сабраў трыста чалавек і зрабіў барыкаду ля ўваходу ў вёску, але пры першым залпе прускай карцечы ўсе зноў кінуліся бегчы, і Лабо быў узяты ў палон. Яшчэ да гэтага часу сляды гэтага залпу карцечы відаць на выступе старой цаглянай халупы, што стаіць направа ад дарогі, да якой некалькі хвілін ходу ад Жэмапа. Прусакі кінуліся ў Жэмап, узлава-