Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/273

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

скія фургоны не маглі прайсці паміж двух радоў палаючых дамоў, прышлося чакаць, пакуль пажар будзе патушаны. Авангард Бюлава мог толькі к паўдню дасягнуць Шапель-сен-Ламбер.

Калі-б бітва пачалася на дзве гадзіны раней, яна была-б скончана да чатырох гадзін, і Блюхер застаў-бы бітву ўжо выйгранай Напалеонам. Такімі былі гэтыя вялікія выпадковасці, прыстасаваныя да выслізгаючай ад нас бясконцасці.

Яшчэ ў поўдзень імператар з дапамогаю падзорнай трубы першы заўважыў на краі гарызонта штосьці прыцягваючае яго ўвагу. Ён сказаў: „Я бачу там воблака, якое здаецца мне войскам“. Потым ён запытаў у герцага Далмацкага: „Сульт, што вы бачыце ў кірунку на Шапель-сен-Ламбер?“

Маршал, навёўшы сваю падзорную трубу, адказаў:

— Чатыры ці пяць тысяч чалавек, сір. Гэта, напэўна, Грушы.

Аднак гэтае воблака аставалася нерухомым у тумане. Усе падзорныя трубы штаба пачалі вывучаць „воблака“, паказанае імператарам. Некаторыя гаварылі: „Гэта калоны, якія размясціліся на адпачынак“. Большая частка знаходзіла, што гэта дрэвы. Справядліва тое, што воблака не рухалася. Імператар адправіў у разведку да гэтага невядомага пункта атрад лёгкай кавалерыі Дамона, Бюлаў сапраўды не рухаўся. Яго авангард быў вельмі слабы і ні на што не здольны. Ён павінен быў чакаць галоўных сіл арміі, і ў яго быў загад спачатку сцягнуцца, а потым ужо ўступіць у бой, але ў пяць гадзін, бачачы небяспечнае становішча Велінгтона, Блюхер загадаў Бюлаву ісці ў атаку і сказаў славутую фразу: „Трэба даць уздыхнуць англійскай арміі“.

Праз некаторы час дывізіі Лосціна, Гілера, Геке і Рыселя разгарнуліся перад корпусам Лабо, кавалерыя прынца Вільгельма Прускага вышла з Парыжскага лесу, Плансенуа ахапіў пажар, і прускія ядры пачалі сыпацца нават у рады гвардыі, што стаяла ў рэзерве ззаду за Напалеонам.

ІХ

ГВАРДЫЯ

Астатняе вядома: з'явілася Трэцяя армія, бітва раздрабілася, раптоўна раздаўся залп васьмідзесяцішасці пушак, французы былі адціснуты назад, Маркан'е выгнаны з Оэнскага плато, французскім разрозненым палякам на змярканні прышлося вытрымаць новую бітву, уся англійская перадавая