Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/268

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

парадку, душачы адзін аднаго і ўтвараючы суцэльную масу цел у гэтай прорве, і калі гэты яр напоўніўся людзьмі, па ім перайшлі астатнія. Амаль трэцяя частка брыгады Дзюбуа загінула ў гэтай прорве.

Гэта быў пачатак пройгрыша бітвы.

Мясцовае паданне, якое, відавочна, пераўвялічвае, гаворыць, што тут загінула дзве тысячы коней і паўтары тысячы людзей. Гэтая лічба заключае ў сабе, напэўна, і іншыя трупы, кінутыя ў гэты яр на другі дзень бітвы.

Заўважым мімаходзь, што гэтая самая, так моцна пацярпеўшая брыгада Дзюбуа, гадзіну таму назад, у час атакі, заўладала сцягам Люнебургскага батальёна.

Перш чым аддаць загад кірасірам Мільо на гэтую атаку, Напалеон даследваў мясцовасць, але не мог бачыць гэтай пракапанай дарогі, якая не пакідала аніякага следу на паверхні плато. Аднак, прыведзены ў сумненне і ўстрывожаны відам маленькай белай капліцы, якая стаяла на скрыжаванні гэтай пракапанай дарогі з Нівельскім шасе, ён запытаў у правадніка Лакоста, напэўна, аб магчымасці наткнуцца там на якую-небудзь перашкоду. Той адмоўна пакруціў галавой. Можна амаль упэўнена сказаць, што ад гэтага руху сяляніна здарылася пагібель Напалеона. Услед за гэтым павінны былі ўзнікнуць іншыя няшчасці.

Ці была магчымасць для Напалеона выйграць гэтую бітву?

Мы адказваем — не.

Для гэтага вялікага чалавека настаў час падзення.

VII

ПЛАТО МОН-СЕН-ЖАН

У тую-ж хвіліну, калі перад французамі адкрыўся яр, англійская батарэя распачала агонь. Шэсцьдзесят пушак і трынаццаць карэ сталі ва ўпор абстрэльваць кірасіраў. Адважвы генерал Дэлор аддаў салют англійскай батарэі.

Уся англійская лятучая кавалерыя вярнулася галопам у карэ. Кірасіры не паспелі нават спыніцца. Няшчасце на пракапанай дарозе загубіла шмат каго з іх, але не дабіла духу бадзёрасці астатніх. Яны належалі да тых людзей, якія, змяншаючыся колькасцю, набываюць яшчэ большую мужнасць.

Ад няшчасця пацярпела толькі калона Ват'е, калона Дэлора прышла ў цэласці: Ней, нібы прадчуваючы засаду, загадаў ёй узяць лявей.

Кірасіры рынуліся на англійскія карэ.