Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/267

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

рата[1], але за тое быў Ней. Здавалася, што ўся гэтая маса ператварылася ў адно страшыдла і набыла адну душу. Кожны зскадрон звіваўся і надуваўся, як кальцо паліпа. Яны мільгалі праз воблакі густога дыму. Усё змяшалася: каскі, крыкі, шаблі, парывістыя рухі конскіх крупаў пры пушачных залпах і гуках труб — жахлівая, хоць і дысцыплінававая сумятня, і над усім гэтым кірасы нібы луска гідры.

Надзвычайнае супадзенне лічбаў: дваццаць шэсць батальёнаў павінны былі спаткаць гэтыя дваццаць шэсць экскадронаў. За грэбнем плато пад аховай замаскаванай батарэі англійская пяхота, пастроеная ў 13 карэ, па два батальёны ў кожным, і ў дзве лініі, сем карэ ў першай і шэсць у другой, са стрэльбамі напагатове, прыцэліўшыся ў чакаемага непрыяцеля, стаяла спакойная, нерухомая, маўклівая. Яна не бачыла кірасіраў, і кірасіры не бачылі яе. Яна чула набліжэнне гэтага мора людзей. Яна чула шум ад трох тысяч коней, які ўсё мацнеў, нарастаў, сіметрычна перамежысты тупат капытоў буйнай рысі, звон кірас, бразганне шабляў і злавеснае дыханне. Настаў момант жудаснай цішы. Потым раптам над грэбнем з'явіўся доўгі рад паднятых рук, махаючых шаблямі, цэлая маса касак, труб і сцягаў і тры тысячы галоў з сівымі вусамі, з крыкам: „Няхай жыве імператар!“ З'яўленне ўсёй гэтай кавалерыі на плато было падобна да пачатку землетрасення.

Раптам — о, жах! — налева ад англічан, направа ад французаў галава кірасірскай калоны ўзнялася на дыбы з жахлівым енкам. Дасягнуўшы вышэйшага пункту грэбня, кірасіры, імклівыя, несутрымныя, раз'юшаныя, захопленыя сваёй усесакрушаючай атакай на карэ і батарэі, раптоўна заўважылі паміж сабою і англічанамі яр. Гэта была пракапаная дарога ў Оэн.

Гэты момант быў жахлівы. Перад імі, пад самымі нагамі коней, нечакана з'явіўся зіяючы яр з адвеснымі адкосамі, глыбінёю ў два сажні; другі рад сапхнуў туды першы, а трэці сапхнуў другі; коні станавіліся на дыбы, кідаліся назад, падалі на круп, скочваліся на спіне, прыдушваючы і перакульваючы коннікаў. Не было ніякай магчымасці адступіць. Уся калона атрымала рух аднаго ядра. Сіла, накіраваная супроць англічан, абярнулася супроць саміх французаў: няўмольны яр можна было перайсці, толькі напоўніўшы яго даверху, і вось коннікі і коні скочваліся туды ў бес-

  1. Мюрат (Іохім Мюрат, 1771–1815) — сын шынкара, жанаты на малодшай сястры Банапарта, Караліне, спадвіжнік Напалеона і пасля кароль неапалітанскі. Пасля падзення Напалеона быў расстраляны.