Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/260

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

З прычыны начнога дажджу абозы з правізіяй, якія застралі ў размытых дарогах, не маглі прыбыць раніцою; салдаты не спалі, прамоклі і былі галодныя. Гэта не пашкодзіла, аднак, Напалеону весела крыкнуць Нею: „У нас дзевяноста шансаў з ста“. У восем гадзін імператару прынеслі снеданне. Ён запрасіў некаторых генералаў. У час снедання расказвалі, што Велінгтон быў заўчора ў Бруселі на банкеце ў герцагіні Рычманд, і Сульт, гэты суровы воін з тварам архіепіскапа, сказаў: „У нас сёння баль“. Імператар пасмейваўся з Нея, які гаварыў: „Велінгтон не будзе такі дурны, каб чакаць вашай вялікасці“. Зрэшты, у Напалеона заўсёды была такая манера. „Ён вельмі ахвотна жартаваў“, гаварыў пра яго Флеры дэ-Шабулон[1]. „Ён засыпаў жартамі, хутчэй арыгінальнымі, чым дасціпнымі“, гаварыў Бенжамен Канстант[2]. Гэтыя жарты іспаліна варты таго, каб на іх спыніцца. Ён празваў сваіх грэнадзёраў „grognards“ (варчуны); ён шчыпаў іх за вушы, сморгаў за вусы. „Імператар толькі і займаўся тым, што вырабляў з імі розныя жарты“, — сказаў пра яго адзін з грэнадзёраў. У час таямнічага пераезду з вострава Эльбы ў Францыю, 27 лютага, у адкрытым моры, калі французскі ваенны брыг Зефір, спаткаўшыся з брыгам „Inconstant“[3], на якім хаваўся Банапарт, запытаў пра Напалеона, імператар, на капелюшы ў якога ў той час усё яшчэ красавалася белая з малінавым, усеяная пчоламі какарда, што ён насіў на востраве Эльбе, смеючыся, узяў рупар і сам адказаў: „Імператар здаровы!“ Хто здолен так жартаваць, той не баіцца лёсу. У час снедання на полі пры Ватэрлоа ў Напалеона было некалькі прыступаў смеху. Пасля снедання ён каля чвэрці гадзіны збіраўся з думкамі; потым два генералы селі на саломенай подсцілцы з пер'ямі ў руках і лістамі паперы на каленях, і імператар прадыктаваў ім баявы парадак.

У дзевяць гадзін французская армія, якая была пастроена эшалонамі і выступіла пяццю калонамі з барабанным боем і пад гукі труб, разгарнулася, маючы дывізіі па баках, артылерыі паміж брыгад і музыкантаў на чале: магутная, вялізная і радасная, яна прадстаўляла сабою цэлае мора

  1. Флеры-дэ-Шабулон (П'ер Александр Эдуард, 1779–1855) — у канцы царавання Напалеона быў начальнікам паліцыі (прэфектарам) у Рэймсе. Маючы даручэнне Людовіка ХVIII зносіцца з Напалеонам і назіраць за ім на Эльбе, перайшоў на бок Напалеона, а пасля паражэння Банапарта пры Ватэрлоа эміграваў у Англію.
  2. Бенжамен Канстант (Дэ Рэбек, 1761-1830) — вядомы фраяцузскі пісьменнік і палітычны дзеяч.
  3. „Інкастан“ — літаральны пераклад — „зменчывы“, „непастаянны“; назва французскага карабля, на якім Напалеон зрабіў высадку на поўдні Францыі ласля бегства з вострава Эльбы, у 1815 г.