Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/259

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

англійскіх агнёў, асвятляўшых увесь гарызонт ад Фрышмона да Брэн-л'Але, ён быў упэўнены, што лёс, які ён прадугледзіў на полі бітвы пры Ватэрлоа, быў верны яму; ён спыніў свайго каня і, астаючыся нерухомым некаторы час, глядзеў на маланку і прыслухоўваўся да грому. Акружаючыя пачулі, як гэты фаталіст кінуў у цемру ночы загадкавыя словы: „Мы з табой згодны“. Але Напалеон памыляўся, паміж імі не было больш згоды.

Ён не спаў ніводнай хвіліны. Уся гэтая ноч была для яго поўная радасці. Ён аб'ехаў конныя фарпосты, спыняючыся час ад часу, каб пагутарыць з часавымі. У палове трэцяй гадзіны каля Гугамонскага лесу ён пачуў крокі ішоўшай калоны; адну хвіліну ён падумаў, што гэта адступае Велінгтон. „Гэта англійскі ар'ергард пачынае знімацца з лагера, — сказаў ён. — Я вазьму ў палон шэсць тысяч англічан, якія толькі што высадзіліся ў Остэндэ“. Ён гаварыў з захапленнем, да яго зноў вярнуўся той гумар, які ён, паміж іншым, выказаў пры высадцы на бераг першага сакавіка, калі, паказваючы вялікаму маршалу на поўнага радасці селяніна ля Жуанскай затокі, ён ускрыкнуў: „Ну, Бертран, вось ужо і падмацаванне!“ Ноччу з 17 чэрвеня на 18 ён смяяўся з Велінгтона: „Гэтаму маленькаму англічаніну неабходны ўрок“, гаварыў Напалеон. Дождж лінуў з новай сілай; гром грымеў увесь час, пакуль гаварыў імператар.

У палове чацвертай гадзіны раніцы ён страціў адну з сваіх ілюзій; афіцэры, пасланыя ў разведку, паведамілі яму, што ў непрыяцельскім лагеры не відаць ніякага руху. Нішто не варушылася; ніводны вартавы агонь не пагас. Англійская армія спала. На зямлі, у процілегласць небу, панавала глыбокая ціша. У чатыры гадзіны разведчыкі прывялі яму селяніна, які служыў правадніком брыгадзе англійскай кавалерыі, напэўна, брыгадзе Вівіена, ішоўшай заняць пазіцыю ў вёсцы Оэн, на самы канец левага крыла. У пяць гадзін два бельгійскія дэзертыры перадалі яму, што яны толькі што пакінулі свой полк і што англійская армія чакае бітвы. „Тым лепш! — ускрыкнуў Напалеон. — Мне больш падабаецца разбіць іх, чым прагнаць“.

Раніцою на схіле, які ўтвараў паварот дарогі ў Плансенуа, ён злез з каня проста ў гразь, загадаў прынесці сабе з фермы Расом кухонны стол і прастое сялянскае крэсла, сеў, падаслаўшы замест каўра бярэмца саломы, і разгарнуў на стале карту поля бітвы, сказаўшы Сульту[1]: „Слаўная шахматная дошка!“

  1. Сульт (Нікалай Жан, герцаг Далмацкі, 1769-1851) — напалеонаўскі маршал, пасля рэволюцыі 1850 г. — ваенны міністр і арганізатар карацельных зкспедыцый супроць французскіх рабочых.