Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/261

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

касак, шабляў і штыхоў на гарызонце. Убачыўшы яе, расчулены імператар ускрыкнуў: „Цудоўна, цудоўна!“

З дзевяці гадзін да паловы адзінаццатай усе войскі – што здаецца нават неверагодным – паспелі заняць свае пазіцыі і размясціліся ў шэсць ліній, утвараючы, па выразу самога імператара, „фігуру шасці рымскіх цыфр V“. Праз некалькі імгненняў пасля ўтварэння баявога фронта, сярод глыбокай цішы, якая звычайна служыць прадвеснікам буры і пачатку бітвы, заўважыўшы тры дэфіліруючыя батарэі па дванаццаць гармат у кожнай, якія па яго загаду былі аддзелены ад трох атрадаў — д'Эрлона, Рэйля і Лабо — і назначаны пачаць бітву, адкрыўшы агонь супроць Мон-сен-Жана, у тое месца, дзе перасякаюцца Нівельская і Жэмапская дарогі, імператар ударыў па плячу Гаксо, гаворачы: „Вось дваццаць чатыры цудоўныя дзяўчыны, генерал“.

Упэўнены ў перамозе, ён падбадзёрваў усмешкай яго роту сапёраў першага корпуса, што праходзіла міма яго і якой ён аддаў загад акапацца на Мон-сен-Жане, як толькі захопяць вёску. Гэты вясёлы настрой толькі адзін раз быў парушаны словамі ганарлівага спачування: убачыўшы, як налева ад яго, у тым месцы, дзе зараз знаходзіцца вялізная магіла, скучваюцца на сваіх выдатных конях славутыя шэрыя шатландцы, Напалеон праказаў: „Гэта шкада“.

Потым ён сеў на каня, накіраваўся да Расома і выбраў сабе пунктам для назіранняў вузкі, пакрыты травою курган, направа ад дарогі з Жэмапа ў Брусель — гэта другая яго стаянка ў час бітвы. Трэцяя стаянка — у сем гадзін вечара — паміж Бель-Альянсам і Ге-Сентам — была жахлівая. Гэта быў даволі высокі курган, які існуе яшчэ і зараз: ззаду за ім, у паглыбленні раўніны, была сканцэнтравана гвардыя. Вакол гэтага кургана ядры, удараючыся аб каменні шасе, адскоквалі рыкашэтам амаль да самага Напалеона. Як і пры Брыене, вакол яго галавы свісталі кулі і карцеч. Амаль на тым самым месцы, дзе стаялі ногі яго каня, былі знойдзены асколкі ядраў, старыя шабельныя клінкі і агідныя, пакрытыя іржою гранаты. Некалькі год таму назад на гэтым месцы выкапалі гранату, яшчэ зараджаную, але трубка яе была зламана ля самай паверхні гранаты. На гэтай апошняй стаянцы імператар гаварыў свайму правадніку Лакосту, перапалоханаму, варожа настроенаму селяніну, які быў прывязаны да сядла гусара і круціўся пры кожным залпе карцечы, стараючыся схавацца за конніка: „Дурань, як табе не сорамна; ты-ж так дасі забіць сябе ў спіну“. Той, хто піша гэтыя радкі, сам знайшоў у рыхлым схіле кургана, раскопваючы пясок, рэшткі бомбы, паспеўшай праіржавець за