Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/257

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

да вялікага каменнага будынка, які стаяў на скрыжаванні дарог і быў у той час удзельным маёнткам Нівель; пабудаваны ў XVІ веку, ён быў да таго моцны, што пушачныя ядры адскоквалі ад яго, не шкодзячы яму. Вакол плато англічане ў розных месцах падрэзалі агарожы, зрабілі байніцы у кустах баярышніку і ўстанавілі паміж галля пушкі.

Іх артылерыя зрабіла засаду ў гушчары хмызняку. Гэта вераломная работа, бясспрэчна дазваляемая вайной, якая дапускае і пастку, была так добра выканана, што Гаксо, пасланы імператарам у дзевяць гадзін раніцы для рэкагнасцыроўкі непрыяцельскіх батарей, нічога не заўважыў і, вярнуўшыся, данëс Напалеону, што няма ніякіх перашкод, за выключэннем двух барыкад, якія перагароджваюць Нівельскую і Жамапскую дарогі. У гэты час года збожжа ў палях ужо высокае; на ўскраіне плато, у высокім жыце залёг 25-ы батальён брыгады Кемпа, узброены карабінамі. Умацаваны і закрыты такім чынам цэнтр англа-галандскай арміі знаходзіўся ў выгадным палажэнні.

Небяспека для гэтай пазіцыі прадстаўляе Суаньскі лес, сумежны з полем бітвы і перарэзаны сажалкамі Грэнендаля і Буафорта.

Армія не магла-б адступіць у гэты лес, не падзяліўшыся: палкі адразу рассыпаліся-б, артылерыя загінула-б у балотах. Адступленне, на думку шмат якіх спецыялістаў, што, праўда, абвяргалася іншымі, ператварылася-б у бязладнае ўцякацтва.

Велінгтон сцягнуў да гэтага цэнтра брыгаду Шасе, узятую з правага крыла, брыгаду Вінка, узятую з левага крыла, і дывізію Клінтона.

Сваім англічанам ― палкам Галькета, брыгадзе Мітчэля і Мэтлэндскай гвардзіі ― ён даў у падмацаванне Брауншвейгскую пяхоту, Насаўскі атрад ганнаверцаў Кільмансеге і немцаў Омптэды. Такім чынам, у распараджэнні Велінгтона было 26 батальёнаў. Правае крыло было адведзена за центр. Вялізная батарэя была замаскавана мяшкамі з зямлёй на месцы, дзе знаходзіцца ў сучасны момант так званы „музей Ватерлоа“. Апрача таго, у Велінгтона было яшчэ 1 400 гвардзейскіх драгунаў Самерсета, схаваных у невялікай лагчыне. Гэта была другая палова так справядліва праслаўляемай англійскай кавалерыі. Пансомбі быў знішчаны, аставаўся Самерсед. Калі-б гэта батарэя была скончана, яна прадстаўляла-б сабой амаль рэдут: яна была размешчана ззаду за вельмі нізкай садовай агарожай, умацаванай на хуткую руку мяшкамі з пяском і шырокім земляным валам, але работа не была скончана, таму што нехапіла часу абнесці яе палісадамі.

Велінгтон, устрывожаны, хоць на выгляд і спакойны,