Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/258

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

цэлы дзень знаходзіўся верхам на кані, некалькі спераду ад старога млына Мон-сен-Жана, які існуе яшчэ і зараз; ён стаяў пад вязам, які быў пасля куплены энтузіястам-вандалам англічанінам за дзвесце франкаў, спілаваны і звезены. Велінгтон быў увесь час спакойны да гераізму. Ядры так і сыпаліся вакол яго. Ад'ютант Гардон быў забіты поплеч з ім. Лорд Гіль, паказваючы яму на гранату, якая толькі што разарвалася, сказаў: „Мілорд, якія інструкцыі і загады пакідаеце вы нам, калі вас заб'юць?“ — „Рабіце па-мойму“, — адказваў Велінгтон. Клінтону ён лаканічна сказаў: „Трымацца тут да апошняга чалавека“. Дзень, відаць, павінен быў дрэнна скончыцца. Велінгтон крычаў сваім ранейшым таварышам па Талаверы, Віторыі і Саламанцы: „Рэбяты, хіба можна думаць аб адступленні? Успомніце аб старой Англіі!“

Каля чатырох гадзін англійскія войскі падаліся назад. На грэбні плато адразу асталіся толькі артылерыя і застрэльшчыкі, усё астатняе знікла; палкі гнаныя французскімі гранатамі і ядрамі, адступілі да таго месца, дзе яшчэ да гэтага часу пралягае сцежка на ферму Мон-сен-Жан. Адбыўся адваротны рух: фронт англійскай арміі схаваўся, Велінгтон падаўся назад.

— Пачатак адступлення! — ускрыкнуў Напалеон.

IV

НАПАЛЕОН У ДОБРЫМ НАСТРОІ

Імператар, не гледзячы на тое, што ён быў хворы і яму цяжка было трымацца ў сядле, ніколі не быў у такім добрым настроі, як у гэты дзень. З самага рання гэты непранікальны чалавек усміхаўся. 18 чэрвеня 1815 года гэтая пахмурая душа пад мрамарнай маскай бясклопатна ззяла. Чалавек, які быў пахмуры пры Аўстэрліцы, быў вясёлы пры Ватэрлоа. У самых вялікіх абраннікаў лёсу часта бываюць такія супярэчнасці. Нашы радасці бываюць памылковы.

Яшчэ напярэдадні, у гадзіну ночы, пад навальніцай і дажджом, аглядаючы верхам разам з Бертранам[1] узгоркі, якія прылягалі да Расому, задаволены выглядам даўгой лініі

  1. Бертран (Анры Грас'ен, 1773-1844) — удзельнік егіпецкага паходу Напалеона; суправаджаў Напалеона на Эльбу, быў яго даверанай асобай у час „Ста дзён". Пасля паражэння Напалеона пры Ватэрлоа адправіўся ўслед за ім на востраў Св. Елены. Пасля чэрвеньскай рэволюцыі быў членам палаты дэпутатаў. Арганізаваў перавозку ў Парыж астанкаў Напалеона ў 1840 годзе.