Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/256

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Трэба звярнуць увагу на наступную дэталь. У англійскай пяхоце, пераважна ў брыгадзе Кемпа, было шмат навабранцаў. Гэтыя маладыя салдаты храбра біліся з грознымі французскімі пехацінцамі; самая іх нявопытнасць часам давала магчымасць выяўляць цуды храбрасці. Асабліва добра выконвалі яны абавязак застрэльшчыкаў; салдат-застрэльшчык, прадастаўлены да некаторай ступені самому сабе, рабіўся, так сказаць, сам сабе генералам. Гэтыя рэкруты выявілі тут чыста французскую знаходлівасць і палкасць. Гэтыя салдаты-навічкі былі поўны энтузіязма, што і не спадабалася Велінгтону.

III

ЧАТЫРЫ ГАДЗІНЫ ПАСЛЯ ПАЎДНЯ

Да чатырох гадзін становішча англійскай арміі зрабілася сур'ёзнае. Прынц Оранскі камандаваў цэнтрам, Гіль — правым крылом, а Піктон — левым. Неўстрашымы прынц Оранскі істэрычна крычаў галандцам і бельгійцам: „Насау! Брауншвейг! Ні ў якім выпадку не адступаць!“ Знясілены Гіль далучыўся да Велінгтона, Піктон быў забіты. У той момант, калі англічане адбілі ад французаў сцяг 105 лінейнага палка, французы забілі ў англічан генерала Піктона, прастрэліўшы яму навылет галаву куляй. Для Велінгтона ў гэтай бітве існавалі два пункты апоры: Гугамон і Ге-Сент. Гугамон яшчэ трымаўся, але ўжо быў падпалены, Ге-Сент быў узяты. Ад нямецкага батальёна, які абараняў яго, асталося ў жывых толькі 42 чалавекі; усе афіцэры, за выключэннем пяці, былі забіты або ўзяты ў палон. У гэтай вёсцы рэзалася тры тысячы байцоў. Адзін сержант англійскай гвардзіі, першы баксёр у Англіі, вядомы сярод таварышоў неўражальным, быў забіты хударлявым фравцузскім барабаншчыкам. Некалькі сцягаў было страчана, у тым ліку сцяг дывізіі Альтэна і сцяг Люнебургскага батальёна. Шэрыя шатландцы ўсе загінулі, іспалінскія драгуны Пансамбі былі пасечаны. Ад тысячы двухсот коней уцалела шэсцьсот.

Дзве дывізіі — пятая і шостая — разбіты.

Гугамон быў зруйнаваны, Ге-Сент узяты; аставаўся ўсяго адзін аплот — гэта цэнтр; ён усё яшчэ моцна трымаўся. Велінгтон падмацаваў яго, заклікаўшы туды Гіля, які стаяў у Мерб-Брэне, і Шасе, які знаходзіўся ў Брэн-л'Але.

Цэнтр англійскай арміі, некалькі ўвогнуты, вельмі шчыльны і самкнуты, быў добра ўмацаваны. Ён займаў плато Мон-сен-Жан, маючы ззаду за сабою вёску, а спераду ў сябе — схіл, у той час даволі круты. Ён прылягаў