Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/247

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гожых больш спадзяюцца і шмат больш да іх маюць сімпатыі.

І ў манастыры, сярод равесніц, Казета доўга яшчэ аставалася маўклівай.

Казета, натуральна, лічыла сябе дачкою Жана Вальжана. Між іншым, нічога не ведаючы, яна нічога не магла-б расказаць і ў кожным выпадку не прагаварылася-б. Мы заўважылі ўжо, што нічога так не навучае дзяцей маўчанню, як няшчасце. Казета столькі перамучылася, што ўсяго баялася: баялася гаварыць, баялася дыхаць. Адно слова часта нацягвала на яе цэлую лавіну. Яна пачала адчуваць сябе ў бяспецы толькі з таго часу, як была з Жанам Вальжанам. Яна хутка прывыкла да манастыра.

Зрабіўшыся пансіянеркай, Казета павінна была надзець манастырскую форму. Жан Вальжан дамогся таго, што яму аддалі яе ранейшае адзенне. Ён запёр яго ў асобную скрыначку, старанна захоўваючы ўсё, як каштоўнасць.

Манашкі не засволі імя Ультыма: яны звалі Жана Вальжана „другі Фаван“.

Калі-б сёстры былі так пільны, як Жавер, то яны заўважылі-б нарэшце, што калі даводзілася ісці ў горад па якіх-небудзь патрэбах для саду, то заўсёды адпраўляўся старэйшы Фашлеван, кульгавы стары, а малодшы ніколі. Але ці таму, што позіркі манашак не ўмелі шпіёніць, ці таму, што яны ахватней падглядалі адна за другою, толькі на гэта яны не звярнулі ўвагі. Між тым, Жан Вальжан добра рабіў, што нікуды не выходзіў. Жавер цэлы месяц вартаваў завулак.

Манастыр гэты для Жана Вальжана быў востравам, акружаным прадоннямі. Гэтыя чатыры сцяны заключалі ў сабе для яго ўвесь свет. Ён бачыў над сабою неба і быў спакойны, бачыў Казету і быў шчаслівы. Для яго пачалося ціхае, спакойнае жыццё.

Ён жыў з Фашлеванам у хаціне ў канцы саду. Цэлы дзень ён працаваў і быў вельмі карысны ў садзе. Ён шмат разумеў у доглядзе за дрэвамі, прыпомніўшы рамяство сваёй маладосці. Пад яго доглядам урадзілі цудоўныя плады.

Казеце дазвалялася штодзённа прыходзіць да яго на адну гадзіну. У вызначаны час яна кулём ляцела да хаціны і напаўняла яе радасцю. Жан Вальжан адчуваў сябе яшчэ шчаслівейшым ад радасці Казеты. Шчасце, якое мы даём іншым, мае тое хараство, што замест таго, каб слабнуць, як усялякае адлюстраванне, яно яшчэ больш прамяніста і ярка падае на нас саміх. У часы рэкрэацыі Жан Вальжан здалёк глядзеў, як яна гуляла і бегала.