Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/228

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Праз некалькі часу ў паліцэйскую прэфектуру было данесена аб наступнай падзеі, якая здарылася ў Манфермейлі. Адна маленькая дзяўчынка год сямі-васьмі, даручаная сваёю маці аднаму з мясцовых шынкароў, была ўкрадзена якімсьці невядомым чалавекам. Дзяўчынку звалі Казетай: гэта была дачка адной распуснай жанчыны, па імю Фантына, якая памерла ў шпіталі невядома дзе і калі. Пра гэта даведаўся Жавер і задумаўся.

Імя Фантына было яму добра вядома. Ён успомніў, як рассмяўся, калі Жан Вальжан прасіў даць яму тры дні, каб з‘ездзіць па дачку гэтай жанчыны. Ён ўспомніў таксама, што ў Парыжы Жан Вальжана арыштавалі у тую хвіліну, калі ён садзіўся ў дыліжанс, каб ехаць у Манфермейль. Што яму трэба было ў Манфермейлі? Ніхто не мог здагадацца аб гэтым. Жавер зразумеў гэта цяпер. Там жыла дачка Фантыны. Ён адпраўляўся па яе. Раптам дзіця ўкрадзена незнаёмым. Хто мог быць гэтым незнаёмым? Няўжо Жан Вальжан? Але-ж Жан Вальжан памёр. Жавер, нікому не гаворачы ні слова, сам адправіўся ў Манфермейль.

Ён спадзяваўся знайсці там разгадку, а, між тым, заблытаўся яшчэ больш.

У першыя дні муж і жонка Тэнард‘е, уззлаваныя, вельмі многа балбаталі. Знікненне Жаўранка выклікала шмат гаворкі ў вёсцы. Усе рашылі, што яе ўкралі. Адсюль данос у паліцыю. Між тым, калі першы гнеў мінаваў, Тэнард‘е зразумеў, што для яго зусім невыгадна звяртаць на сябе ўвагу каралеўскага пракурора, якая можа пацягнуць за сабою для яго вялікія непрыемнасці. Совы перш за ўсё хаваюцца ад святла. Ён крута павярнуў назад, забараніў жонцы гаварыць і пачаў рабіць здзіўленыя вочы, калі яму ўспаміналі аб украдзеным дзіцяці. Ён нічога не разумеў. Вядома, яму ў першую хвіліну цяжка было, што знікла гэтая мілая малютка, і ён нават вельмі скардзіўся, але па яе прышоў яе родны дзед, надзвычайна добры, і, натуральна, забраў яе, і павёў з сабою. Вось што пачуў Жавер прыехаўшы ў Манферыейль. „Дзед“ схаваў Жана Вальжана.

Жавер вярнуўся ў Парыж ні з чым. Ён зноў ужо пачаў забываць гэтую гісторыю, як у сакавіку 1824 года да яго данеслася чутка пра якогасьці дзіўнага чалавека, што жыве паблізу ля царквы Сен-Медар і вядомы ў акалотку пад імем „жабрака, які падае міласціну“. Чалавек гэты, казалі, быў рант‘е, імя якога ніхто добра не ведаў. Ён жыў адзінока, з адною толькі маленькай дзяўчынкай год васьмі, якая нічога не магла вытлумачыць, апрача таго, што была з Манфермейля. Манфермейль! Гэтае імя зноў прымусіла Жавера настаражыць вушы. Стары жабрак-шпіён, былы