Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/227

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

таго-ж, вы самі і змясцілі мяне сюды. Гэта вас датычыць. Я гатовы для вас на ўсё.

— Значыць, вырашана. Цяпер пойдзем са мною. Мы сходзім па дзіця.

— А! — сказаў Фашлеван. — Тут яшчэ дзіця?

Больш ён не сказаў ні слова і пайшоў за Жанам Вальжанам, як сабака за сваім панам.

Менш як праз поўгадзіны Казета сагрэлася і паружавела, лежачы ля ярка палаўшага ачага на пасцелі старога садоўніка. Жан Вальжан надзеў гальштук і апрануў сурдут, капялюш, перакінуты цераз сцяну, быў знойдзен. Пакуль Жан Вальжан прыводзіў сябе ў парадак, Фашлеван зняў з калена рамень са званочкам і павесіў яго на сцяну. Госць і гаспадар селі ля агню за стол, на які Фашлеван паклаў кавалак сыру і хлеба, паставіў бутэльку віна і дзве шклянкі. Потым, апусціўшы руку на калена Жана Вальжана, ён сказаў яму:

— Ах, бацька Мадлен, як гэта вы не пазналі мяне адразу! Вы выратоўваеце людзям жыццё і забываеце іх! О, гэта нядобра! Яны дасюль успамінаюць пра гэта. Вы вельмі няўдзячны.

XLV

ЗВОН УПАЎШАЙ МАНЕТЫ

Падзеі, адваротны бок якіх мы бачылі, здарыліся пры самых звычайных акалічнасцях.

Калі Жан Вальжан ноччу пасля таго, як Жавер арыштаваў яго ля пасцелі паміраючай Фантыны, уцёк з турмы, паліцыя рашыла, што катаржнік накіраваўся абавязкова ў Парыж. Парыж — гэта прадонне, у якім усё губляецца, як у акіяне. Ніякі лес не можа так схаваць чалавека, як гэты незлічоны натоўп. Уцекачы ўсіх радоў ведаюць гэта. Паліцыі гэта таксама вядома і яна перш за ўсё накіроўваецца туды. Жавер быў выклікан, каб правесці пошукі, і сапраўды шмат дапамог у адшуканні Жана Вальжана. Яго старанні звярнулі на сябе ўвагу нават вышэйшых улад. Пасля гэтага ён перастаў думаць пра яго. Але аднойчы, у 1823 годзе, Жавер, які ніколі не чытаў газет, выпадкова ўбачыў надрукаванае імя Жана Вальжана, што кінулася яму ў вочы ў канцы старонкі. Ён прачытаў. У паведамленні гаварылася, што катаржнік Жан Вальжан памёр. Выпадак перадаваўся з такімі падрабязнасцямі, што Жавер ніколькі не сумняваўся ў яго сапраўднасці. Потым ён кінуў газету і забыў пра гэта.