Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/229

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

царкоўны вартаўнік, якому невядомы заўсёды падаваў міласціну, дадаў яшчэ некаторыя падрабязнасці:

— Рант‘е гэты — страшэнна нелюдзімы. Ён выходзіць на вуліцу толькі ўвечары і нікога да сябе не ўпускае. Ён носіць нейкі немагчымы жоўты сурдут, які каштуе некалькі мільёнаў, таму што ў ім зашыты банкавыя білеты.

Гэта асабліва падбухторыла дапытлівасць Жавера. Каб убачыць гэтага чалавека блізка, не наводзячы яго ні на якія падазрэнні, ён пазычыў на адзін дзень у жабрака яго лахманы, пераапрануўся і сеў на звычайным месцы, дзе стары шпіён заўсёды садзіўся, гнусавячы свае малітвы і шпіёнячы ў час спявання псалмаў.

„Падазроная асоба“ сапраўды наблізілася да пераапранутага такім чынам Жавера і падала яму міласціну. У гэтую хвіліну Жавер узняў галаву, і ўзрушэнне, якое адчуў Жан Вальжан, калі яму здалося, што ён пазнаў Жавера, адчуў таксама і Жавер, падумаўшы, што пазнаў Жана Вальжана.

Але цемра магла ашукаць яго. Смерць Жана Вальжана была надрукавана ў газетах. У Жавера з‘явіліся цяжкія сумненні. А раз было сумненне, Жавер, па сваёй сумленнасці, не мог накладаць рукі ні на каго.

Ён прасачыў за падазроным аж да халупы Гарбо і распачаў гутарку са старою, што было вельмі няцяжка. Старая сцвердзіла яму чутку пра мільёны, зашытыя ў сурдуце, і перадала выпадак з білетам у тысячу франкаў. Яна сама бачыла, сама абмацала. Жавер наняў у яе пакой. У той-жа вечар ён там і пасяліўся. Ён падышоў падслухаць ля дзвярэй таямнічага жыльца, спадзеючыся пачуць гук голаса Жана Вальжана, але Жан Вальжан заўважыў святло праз замочную шчыліну і разбурыў планы шпіёна, захоўваючы глыбокае маўчанне.

На другі дзень Жан Вальжан выбраўся з дома. Звон упаўшай на падлогу манеты пачула старая, і яна, западозрыўшы, што жыхар выязджае, паспяшалася папярэдзіць аб гэтым Жавера. Ноччу, калі Жан Вальжан вышаў, Жавер з двума паліцэйскімі чакаў яго, схаваўшыся за дрэвамі бульвара.

Тым не менш Жавер не быў упэўнены, што гэта сапраўды Жан Вальжан. Але раптам на павароце ён, пры яркім святле месяца, канчаткова пераканаўся ў гэтым.

Тады ён запатрабаваў падмацавання; траіх было мала, каб аўладаць такім злачынцам. Гэта ледзь не збіла яго з сапраўдных слядоў. Падышоўшы да Аўстэрліцкага моста, ён запытаў у старога інваліда:

— Ці не бачылі вы чалавека з маленькай дзяўчынкай?