Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/216

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сціскала яго мала-па-малу. У роспачы ён падняў вочы да неба. Ён павярнуў, нарэшце, у глухі завулак і дайшоў да сцяны. У адным баку яе, які ўпіраўся ў вялізны пануры будынак, знаходзіліся велізарныя вароты, калі можна так назваць масу перпендыкулярных дошак, змацаваных доўгімі папярэчнымі жалезнымі перакладзінамі. Побач прабіты былі звычайныя вароты. У гэтым месцы расла вялізная ліпа. Яна звешвала свае густыя галіны над сцяною, скрозь пакрытаю плюшчом.

Сярод страшэннай, невераемнай небяспекі, у якой знаходзіўся Жан Вальжан, пануры будынак, з нежылым і адзінотным выглядам, прыцягваў яго. Ён хутка акінуў яго вачыма. Ён казаў сабе, што, калі-б яму ўдалося пранікнуць у яго, ён быў-бы, магчыма, выратаваны. Спачатку ў яго мільганула думка, а потым з‘явілася надзея.

У сярэдняй частцы будынка, удоўж фасада, былі вадасточныя трубы, якія адгаліноўваліся ад адной цэнтральнай трубы ўнізе. Адгаліненні гэтыя нагадвалі старыя вінаградныя лозы, што звіваюцца на сценах старадаўніх фермаў. Гэтыя жалезныя галіны перш за ўсё кінуліся ў вочы Жану Вальжану. Ён агледзеў частку трубы, якая судакраналася з зямлёй, разлічваючы, ці не можна ўзлезці па ёй, але яна была такая старая, што не было чаго і думаць пра гэта. Да таго-ж, уся сцяна была заліта святлом месяца, і чалавек, які пільнаваў яго, адразу-ж заўважыў-бы, як хтосьці лезе па сцяне. А галоўнае, што рабіць з Казетай? Як усцягнуць яе наверх?

Ён папоўз удоўж сцяны і дабраўся да таго месца, дзе яна ўпіралася ў будынак. Тут быў цень, і таму ніхто не мог яго бачыць. Нарэшце, тут двое варот. Ці не можна як-небудзь прабрацца праз іх у сад?

Час праходзіў, трэба было спяшацца.

Ён абмацаў вароты і адразу-ж убачыў, што яны забіты і знадворку і знутры.

Тады ён падышоў да другіх варот з большай надзеяй. Дошкі былі вельмі старыя і гнілыя, жалезныя змацаванні паіржавелыя. Праламаць гэтыя з‘едзеныя чарвямі дзверы здавалася няцяжка.

Але, агледзеўшы ўсё гэта бліжэй, ён убачыў, што ў гэтым месцы няма ніякага выхаду. Скрозь шчыліны дошак ён разгледзеў змацаваныя цэментам камяні і пераканаўся, што дошкі гэтыя ёсць не што іншае, як абшалёўка будынка. Калі-б ён сарваў адну з іх, то зноў апынуўся-б перад глухой сцяной.

У гэтую хвіліну глухі і размераны гук усё ясней і ясней рабіўся чутным на некаторай адлегласці ад яго.