Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/215

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

схавацца ў які-небудзь завулак і яшчэ раз заблытаць свой след, і ўпёрся ў сцяну.

Сцяна гэтая, між іншым, не перагараджвала дарогу цалкам. Яна ішла упоперак той вуліцы, да якой ён прышоў.

Тут зноў трэба было рашыць, ці павярнуць направа ці налева.

Ён паглядзеў направа. Завулак цягнуўся між радамі платоў, хлявоў і іншых будынкаў і канчаўся высокай сцяной, што ярка бялела здалёку.

Ён паглядзеў налева. З гэтага боку завулак быў адкрыты і крокаў за дзвесце злучаўся з нейкай другой вуліцай. Вось тут і ёсць паратунак.

У тую хвіліну, калі Жан Вальжан рашыў ужо павярнуць налева, каб дайсці да заўважанай вуліцы, ён убачыў на рагу завулка і гэтай вуліцы, куды ён хацеў накіравацца, якуюсьці чорную нерухомую статую.

То быў чалавек, які стаяў там іменна для таго, каб загарадзіць яму дарогу.

Ён чакаў. Жан Вальжан адступіў.

Частка Парыжа, у якой знаходзіўся ў тую хвіліну Жан Вальжан, зусім перабудавана ў цяперашні час. Ранейшага не асталося і следу. Цяпер там шырокія вуліцы, плошчы і грандыёзныя будынкі. Поўвека-ж назад то быў маленькі манаскі квартал, называемы Пты-Пікпюс. За выключэннем двух-трох маленькіх дрэнна выбрукаваных вуліц уся прастора занята была сценамі і незабудаванымі пусткамі. Зрэдку там і сям мільгала святло ў нізенькіх асобна стаяўшых доміках. Далей цягнуліся сады, манастыр, дравяныя склады і высокія платы, якія хавалі будынкі. У гэтым вось месцы і апынуўся Жан Вальжан.

Як мы ўжо заўважылі, ён убачыў чорны сілуэт, што стаяў нерухома на рагу вуліцы. Бясспрэчна, ён пільнаваў яго. Што рабіць?

Вяртацца назад было позна. Цені, якія рухаліся ззаду ў яго, былі, вядома, Жавер і яго памочнікі. Жавер, магчыма, узыходзіў ужо на вуліцу, у канцы якой стаяў у гэтую хвіліну Жан Вальжан. Відавочна, Жавер добра ведаў гэтую мясцовасць і паслаў аднаго з сваіх людзей сцерагчы выхад. Усё гэтае віхрам пранеслася ў галаве Жана Вальжана. Ён агледзеў глухі завулак — там сцяна. Паглядзеў у другі бок — там часавы. Ен убачыў, як чорная постаць яго ярка вырысоўвалася пры святле месяца.

Ісці наперад — азначае папасці ў рукі гэтага чалавека, ісці назад — папасці Жаверу.

Жан Вальжан адчуў сябе, нібы трапіўшы ў сіло, якое