Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/217

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Сем ці восем салдат толькі што ўзышлі на вуліцу. Ён бачыў, як блішчэлі іх штыхі. Яны накіроўваліся ў яго бок.

Гэтыя салдаты, на чале якіх ішла высокая постаць Жавера, пасоўваліся паволі і асцярожна. Яны раз-по-раз спыняліся. Відаць было, што яны пільна аглядаюць усе закавулкі і ўсе паглыбленні ў сценах.

Гэта, безумоўна, быў патруль, спатканы Жаверам і ўзяты ім на дапамогу.

Рухаючыся такім чынам, ім трэба было па крайняй меры чвэрць гадзіны, каб дабрацца да таго месца, дзе стаяў Жан Вальжан. Гэта была страшная хвіліна. Адно імгненне толькі аддзяляла яго ад той прорвы, якая развярзалася перад ім ужо ў трэці раз. І катарга была цяпер не толькі катаргай, гэта была яшчэ гібель Казеты, гэта значыць жыццё, падобнае да магільнай цемры.

Аставалася яшчэ адзіная магчымасць.

Жан Вальжан меў тую асаблівасць, што насіў, так сказаць, з сабою дзве катомкі: у адной ляжалі думкі праведніка, а ў другой — страшныя здольнасці катаржніка. Ён звяртаўся, гледзячы па патрэбе, то да адной, то да другой.

У ліку іншых здольнасцей ён, дзякуючы сваім частым уцёкам з Тулона, развіў у сабе ўменне ўзлязаць на сцены і вышыні без лесніцы, з дапамогаю адных толькі мускулаў.

Жан Вальжан змерыў вачыма сцяну, над якой звісалі ліпавыя галіны. Яна была футаў восемнаццаць вышынёю. Кут, які сцяна ўтварала, напоўнены быў кучай наваленага камення футаў у пяць вышынёю, так што з вяршыні гэтай кучы да верху сцяны аставалася яшчэ футаў чатырнаццаць.

Галоўнай цяжкасцю з‘яўлялася Казета. Яна не ўмела карабкацца па сценах. Кінуць яе? Гэта яму і не прыходзіла на думку. Узяць яе з сабою было немагчыма. Для гэтага подвігу яму патрэбны ўсе яго сілы. Самы малы цяжар ужо замінаў-бы яму. Неабходна была вяроўка. У Жана Вальжана яе не было. Дзе ў такі час знайсці яе? Безумоўна, калі-б у Жана Вальжана было царства, ён аддаў-бы яго за вяроўку.

Ва ўсіх роспачных становішчах ёсць пробліскі маланкі, якія то асляпляюць, то асвятляюць наш розум.

Поўны роспачы позірк Жана Вальжана ўпаў на ліхтарны слуп. У тыя часы ў Парыжы не было яшчэ газавага асвятлення. Пры пачатку ночы запальвалі ліхтары, павешаныя на пэўнай адлегласці адзін ад аднаго на вяроўках, прымацаваных да слупоў, па якіх яны спускаліся і падымаліся. Жан Вальжан хутка падбег да слупа, з цяжкасцю адрэзаў