Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/211

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ён адправіў Казету спаць і сказаў ёй ціха: „Кладзіся паціхеньку“, і ў той час, як ён цалаваў яе, крокі спыніліся. Жан Вальжан сядзеў нерухома, моўчкі, павярнуўшыся спіною да дзвярэй. Ён затаіў дыханне. Праз некаторы час, не чуючы нічога больш, ён бясшумна павярнуўся тварам да дзвярэй і ўбачыў праз замочную шчыліну паласу святла. Святло гэта было падобна да цмянай зоркі на цёмным фоне сцяны і дзвярэй. Відавочна, хтосьці трымаў свечку ў руках і падслухоўваў. Праз некалькі хвілін святло знікла. Крокаў, аднак, не было чуваць. Гэта паказвала, што той, хто падслухоўваў, зняў чаравікі.

Жан Вальжан, не распранаючыся, кінуўся на сваю пасцель, але ўсю ноч не мог заплюшчыць вачэй.

На світанні ён пачуў рыпенне дзвярэй адной каморкі ў канцы калідора і потым тыя-ж самыя мужчынскія крокі, што і напярэдадні. Крокі набліжаліся. Ён саскочыў з ложка і кінуўся да замочнай шчыліны, спадзеючыся ўбачыць таго, хто ўчора падслухоўваў ля яго дзвярэй. Адтуліна была даволі вялікая. Ён сапраўды ўбачыў мужчыну, які на гэты раз прайшоў міма, не спыняючыся ля яго пакоя. У калідоры было яшчэ настолькі цёмна, што твара разгледзець не было магчымасці, але калі невядомы падышоў да лесніцы, на яго ўпаў прамень святла і абрысаваў яго сілуэт. Незнаёмы быў высокага росту, апрануты ў доўгі сурдут, з дубінкай пад пахаю. То была страшная фігура Жавера.

Жан Вальжан мог-бы ўбачыць яго з свайго акна, якое выходзіла на бульвар, але для гэтага прышлося-б расчыніць акно; і ён гэта зрабіць не адважыўся.

Відавочна, Жавер меў асобны ключ і ўваходзіў у дом, як у свой. Але хто даў яму гэты ключ? Што ўсё гэта азначае?

У сем гадзін раніцы, калі старая прышла прыбіраць пакой, Жан Вальжан акінуў яе праніклівым позіркам, але не сказаў ні слова. Старая трымалася, як заўсёды. Падмятаючы падлогу, яна сказала яму:

— Вы, напэўна, чулі, судар, як хтосьці ноччу ўвайшоў у дом?

У тыя часы на гэтых ускраінах восем гадзін вечара лічылася ўжо ноччу.

— Ага, дарэчы, сапраўды, — сказаў ён раўнадушна, — хто гэта быў?

— Гэта новы жыхар пераехаў да нас.

— Як яго завуць?

— А хто яго ведае, Дзюмон ці Дамон, штосьці падобнае да гэтага.