Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/212

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— А хто ён такі, гэты пан Дзюмон?

Старая паглядзела на яго сваімі мышынымі вачыма і адказвала:

— Такі-ж рант‘е[1], як і вы.

Магчыма, што яна ні на што не намякала, але Жану Вальжану адказ гэты здаўся падазроным.

Калі старая вышла, ён выняў з шафы каля сотні франкаў і паклаў грошы ў кішэню. Як асцярожна ён ні рабіў гэта, але адна манета выпала ў яго з рук і з шумам пакацілася на падлогу. Змрокам ён вышаў з дому, уважліва азіраючыся ва ўсе бакі. Ён нікога не бачыў. Бульвар здаваўся зусім пусты. Праўда, можна была схавацца за дрэвамі. Ён увайшоў назад у пакой.

— Пойдзем, — сказаў ён Казеце.

Ён узяў яе за руку, і абодва яны вышлі на вуліцу.

Жан Вальжан адразу-ж звярнуў з бульвара на бакавыя вуліцы, робячы як мага больш зігзагаў, часта вяртаючыся назад, каб упэўніцца, што ніхто не сочыць за ім.

Ноч была месячная. Жан Вальжан быў гэтым здаволены. Месяц, які толькі што з‘явіўся на гарызонце, пераразаў вуліцы даўгімі палосамі святла і ценю. Жан Вальжан мог рухацца ў ценю дамоў і платоў па цёмным баку і назіраць за асветленым бокам. Магчыма, ён не разлічыў, што ценевы бок таму застаецца па-за яго назіраннямі. Зрэшты, прабіраючыся па гэтых пустынных завулках, ён быў амаль упэўнены, што ніхто за ім не сочыць. Казета ішла поруч, нічога не распытваючы. Пакуты першых шасці год яе жыцця ўкаранілі ў ёй штосьці безудзельнае. Да таго-ж, яна, сама таго не ўсведамляючы, прывыкла да дзівацтваў старога і нечаканасцей у сваім лёсе. Галоўнае-ж, з ім яна адчувала сябе па-за небяспекай.

Жан Вальжан не лепш за Казету ведаў, куды ідзе. Па сутнасці, у яго не было ніякага пэўнага плана, ніякага меркавання. Ён нават не быў цалкам упэўнены, што то быў Жавер, і калі-б гэта аказаўся Жавер, то ці пазнаў ён у ім Жана Вальжана. Хіба ён не быў пераапрануты? Хіба яго не лічылі загінуўшым? Між тым, на працягу апошніх дзён адбыліся дзіўныя рэчы. Ён рашыў не варочацца больш у дом Гарбо. Як зацкаваны звер, выгнаны з свайго логава, ён шукаў цяпер норку, куды-б мог схавацца да адшукання жылля.

Каля адзінаццаці гадзін ён праходзіў па вуліцы Пантуаз, каля паліцэйскага бюро пад № 14. Праз некалькі

  1. Рант‘е — чалавек, які жыве на рэнту, гэта значыць на процанты з капітала, укладзенага ў тыя ці іншыя процантныя паперы, акцыі, аблігацыі і т. д.