Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/210

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Жан Вальжан падышоў да яго і падаў грошы, як звычайна. Жабрак раптам узняў вочы, пільна паглядзеў на Жана Вальжана і потым схіліў галаву. Рух гэты быў шпарчэйшы за маланку. Жан Вальжан здрыгануўся. Яму здалося, што пры святле ліхтара ён убачыў не спакойны і абыякавы твар царкоўнага вартаўніка, а чыйсьці іншы, страшны, але знаёмы. Ён адчуў тое-ж самае, што адчуў-бы кожны, спаткаўшыся ў цемры з тыграю. Ён адступіў назад, збянтэжаны, з жахам, не адважваючыся ні дыхнуць, ні вымавіць ні слова, ні аставацца, ні бегчы, утаропіўшы вочы ў жабрака, які па-ранейшаму сядзеў, нізка схіліўшы абвязаную анучай галаву, і, здавалася, не заўважаў, што хтосьці стаіць каля яго. У гэтую страшную хвіліну інстынкт, магчыма таямнічы інстынкт самааховы, не даў Жану Вальжану вымавіць ні слова. Жабрак меў той-жа выгляд, тыя-ж самыя лахманы, той-жа рост, як і заўсёды.

— Ай!.. — сказаў Жан Вальжан. — Я проста вар‘яцею! Я брэджу! Немагчыма!

І ён вярнуўся дадому вельмі ўстрывожаны.

Ён ледзь смеў прызнацца самому сабе, што, убачыўшы твар гэтага жабрака, ён падумаў, што бачыць Жавера.

Ноччу, размышляючы пра гэтую сустрэчу, ён пашкадаваў, што не пагутарыў з жабраком, каб прымусіць яго яшчэ раз узняць галаву.

На другі дзень ён зноў знайшоў жабрака на яго месцы.

— Добры дзень, стары! — рашуча сказаў Жан Вальжан, падаючы яму грошы.

Жабрак узняў галаву і адказаў жаласным тонам:

— Дзякую вам, мой добры пан.

То быў, вядома, стары вартаўнік.

Жан Вальжан адчуў сябе канчаткова заспакоеным. Ён пачаў смяяцца з сябе:

„Дзе гэта я, чорт падзяры, бачыў Жавера? — думаў ён. — Ці не звар'яцеў гэта я зусім?“

Ён больш не думаў пра гэта.

Праз некалькі дзён, гадзін каля васьмі вечара, ён сядзеў і чытаў з Казетай па складах і раптам пачуў, як адчыніліся дзверы, потым зноў зачыніліся. Гэта здалося яму дзіўным. Старая, якая адна толькі і жыла ў доме, клалася заўсёды спаць, як толькі змяркалася, каб не паліць свечак. Жан Вальжан спыніў Казету. Па лесніцы хтосьці стаў падымацца. Мабыць, то хадзіла старая? Жан Вальжан прыслухаўся. Крокі былі цяжкія, мужчынскія. Між іншым старая насіла тоўстыя боты, а нішто так не падобна да мужчынскіх крокаў так, як крокі старой жанчыны. Жан Вальжан тым не менш пагасіў свечку.