Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/181

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— А што яна робіць? — запытаў незнаёмы лагодным голасам, які так рэзка супярэчыў яго жабрацкай вопратцы і дужым плячам насільшчыка.

Тэнард‘е ганарліва адказала:

— Яна вяжа панчохі, калі вы хочаце ведаць. Панчохі для маіх дзяўчынак, у якіх іх няма і якія ходзяць таму босыя.

Чалавек зірнуў на босыя чырвоныя ногі Казеты і казаў далей:

— Калі-ж яна скончыць гэтую пару панчох?

— Гэтай гультайцы хопіць работы яшчэ на дні тры, на чатыры.

— А колькі можа каштаваць такая пара панчох, калі яны будуць гатовыя?

Тэнард‘е кінула на яго пагардлівы позірк.

— Па крайняй меры трыццаць су.

— А ці аддасце яшчэ вы іх за пяць франкаў?

— Ліха вазьмі! — усклікнуў адзін вознік з гучным смехам. — Пяць франкаў! Я думаю, можна.

Тут знайшоў патрэбным умяшацца сам Тэнард‘е.

— Вядома, судар, — сказаў ён, — калі гэта ваша фантазія, то мы можам аддаць вам пару панчох за пяць франкаў. Мы ні ў чым не адмаўляем нашым гасцям.

— Грошы прыдзецца заплаціць зараз-жа, — дадала жонка адрывістым і рашучым тонам.

— Я бяру гэтую пару панчох за пяць франкаў, — сказаў незнаёмы і потым, выняўшы з кішэні манету ў пяць франкаў, — дадаў: — і плачу за яе.

Потым ён абярнуўся да Казеты:

— Цяпер работа твая належыць мне. Гуляй, дзіця маё!

Шынкарка схавала грошы ў свой кашалёк, не вымавіўшы ні слова. Яна кусала губы, і твар яе набыў выраз нянавісці.

Казета, ледзь дыхаючы, адважылася запытаць:

— Сударыня, ці праўда, што мне можна пагуляць?

— Гуляй! — адказала гаспадыня страшным голасам.

— Дзякую вам, — сказала Казета.

І ў той час, як вусны яе выражалі падзяку гаспадыні, сэрца яе поўна было падзякі падарожнаму.

Тэнард‘е зноў пачаў піць. Жонка сказала яму на вуха:

— Што гэта за чалавек?

— Я бачыў мільянераў, — адказаў ён, — якія хадзілі ў такіх-жа пашарпаных сурдутах.

Казета адклала работу, але заставалася на сваім месцы. Яна заўсёды старалася як мага менш рухацца. Яна да-