Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/182

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

стала з нейкай каробкі ззаду за сабой некалькі ласкуткоў і абломак алавянай шаблі.

Эпаніна і Азельма не звярталі ніякай увагі на тое, што рабілася навокал. Яны толькі што зрабілі важную справу: яны заўладалі кошкай. Лялька была кінута на падлогу, і Эпаніна, як старэйшая, захутвала кацянё, не гледзячы на яго мяўканне і барахтанне, у чырвоныя і блакітныя кавалкі тканіны. Робячы гэтую цяжкую і сур'ёзную работу, яна шчабятала сваім дзіцячым языком, зварачаючыся да сястры:

— Бачыш, гэтая лялька шмат цікавейшая за тую. Гэтая рухаецца, крычыць, яна цёплая. Будзем з ёю гуляць. Яна будзе мая дачка. Я буду дома. Я прыду да цябе ў госці, ты пачнеш аглядаць яе і здзівішся, што ў яе вусы. Потым убачыш хвост, вушкі і скажаш: „Ах, божа мой!“, а я скажу: „Так, сударыня, цяпер усе дзяўчынкі зрабіліся такія“.

Азельма слухала сястру з радасцю.

Між тым, наведвальнікі зацягнулі песню і рагаталі так, што сцены дрыжэлі. Тэнард‘е падцягваў ім і заахвочваў іх.

Як птушкі ўюць гнёзды з чаго папала, так і дзеці майструюць сабе лялькі з усялякіх лахманоў. У той час як Эпаніна і Азельма спавівалі кошку, Казета, з свайго боку, спавіла сваю шаблю. Потым яна паклала яе на руку і ціха заспявала, нібы ўкалыхваючы.

Тэнард‘е-жонка падышла да незнаёмага.

„Мой муж кажа праўду, — падумала яна, — мабыць, гэта сам пан Лафіт. Гэтыя багачы такія дзівакі!“

Яна падышла і аблакацілася на стол, дзе сядзеў госць.

— Судар, — сказала яна.

Пры слове „судар“ чалавек абярнуўся. Гаспадыня да гэтага часу звала яго „любезны“ ці „дзядок“.

— Бачыце, судар, — пачала яна, прыняўшы ласкавы выгляд, які быў яшчэ больш агідны за яе лютасці, — я нічога не маю супроць таго, каб дзяўчынка гуляла, але гэта добра адзін толькі раз, таму што вы такі добры. У яе, бачыце, нічога няма за душою. Таму ёй трэба працаваць.

— Гэта хіба не ваша дзіця? — запытаў незнаёмы.

— О, божа, судар, вядома не! Гэта проста маленькая жабрачка, якой мы далі прытулак так, з жалю. І яна нейкая дурненькая. Напэўна, у яе галаўная вадзянка. Паглядзіце, якая ў яе вялікая галава. Мы робім для яе, што можам, але-ж мы і самі небагатыя. Ужо мы пісалі, пісалі на яе радзіму, але ўжо шэсць месяцаў, як мы не маем ніякага адказу. Трэба думаць, што маці яе памерла.

— А! — праказаў суразмоўнік і зноў задумаўся.