Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/180

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Які-небудзь паганы жабрак. У яго нават няма за што павячэраць. Ці заплаціць ён мне за начлег? Ва ўсякім выпадку, добра, што ён не ўздумаў украсці грошы, якія знайшоў на падлозе.

У гэты час адчыніліся дзверы з другога пакоя і ўвайшлі Эпаніна і Азельма.

Гэта былі дзве прыгожанькія маленькія дзяўчынкі, хутчэй гарадчанкі, чым сялянкі; у адной былі каштанавыя, а ў другой чорныя косы, звісаўшыя па спіне. Яны былі цёпла і старанна апрануты ў шарсцяныя сукенкі, абедзьве такія свежанькія, жвавыя, што, здавадася, асвятлілі пакой сваім з'яўленнем. Маці звярнулася да іх з бурчэннем, у якім тым не менш адчувалася глыбокая любоў:

— Ну вось, з'явіліся!

Потым па чарзе прыцягнула іх да сябе, пагладзіла галовы, паправіла істужкі і, ласкава адштурхнуўшы іх, сказала:

— Якія прыбраныя!

Яны селі ля агню. Дзяўчынкі прынеслі з сабою ляльку, якую цяпер круцілі ў руках з вясёлым шчабятаннем. Час ад часу Казета сумна пазірала на іх бестурботную гульню. Эпаніна і Азельма не глядзелі на Казету. Яна для іх была ўсёроўна, што шчанё. Гэтыя тры дзяўчынкі, якім разам не было яшчэ і дваццаці чатырох год, прадстаўлялі ўжо сабою ўсё чалавечае грамадства: з аднаго боку зайздрасць, з другога — пагарду.

Лялька сясцёр Тэнард‘е была вельмі старая і патрапаная, разбітая, тым не менш яна здавалася чароўнай Казеце: у яе за ўсё жыццё не было ніводнай лялькі, „сапраўднай“ — выраз, зразумелы для ўсіх дзяцей.

Раптам шынкарка заўважыла, што Казета, замест таго каб працаваць, глядзіць на гуляючых дзяўчынак і нічога не робіць.

— Дык вось як ты працуеш? — ускрыкнула яна. — Я цябе зараз бізуном прымушу ўзяцца за работу!

Незнаёмы, не пакідаючы свайго месца, звярнуўся да гаспадыні і сказаў з баязлівай усмешкай.

— Сударыня, дазвольце ёй пагуляць.

З боку ўсякага іншага гасця, які патрабаваў-бы сабе сытную вячэру і бутэлькі дзве віна, і які не быў-бы падобны да паганага жабрака, такая просьба мела-б форму загада. Але каб такі чалавек, з такім капелюшом і ў такім сурдуце, дазволіў сабе выражаць жаданні ці волю, гэтага Тэнард‘е не магла дапусціць. Яна адказала груба:

— Яна павінна працаваць, таму што есць мой хлеб. Я нікога не кармлю дарма.