Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/150

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

нікаў на дварэ, загадаў вартаўніцы праводзіць сябе ў пакой Фантыны. Тая выканала загад, нічога не падазраючы, бо здаралася, што ўзброеныя людзі пыталіся пана мэра.

Дайшоўшы да дзвярэй пакоя, Жавер адчыніў іх і асцярожна пераступіў цераз парог. Ён, уласна, нават не ўвайшоў у пакой, а спыніўся ля прыадчыненых дзвярэй, заклаўшы левую руку за борт зашпіленага даверху сурдута. У правай ён трымаў цяжкі кій.

Так прастаяў ён з хвіліну не заўважаны. Раптам яго ўбачыла Фантына і прымусіла Мадлена абярнуцца.

У той момант, калі позірк Мадлена спаткаўся з вачыма Жавера, Жавер зрабіўся страшны. Ніякае чалавечае пачуццё не можа быць такое страшнае, як злараднасць.

Упэўненасць у тым, што ён трымае, нарэшце, у руках сапраўднага Жана Вальжана, выклікала на твары Жавера ўсё, што назбіралася ў яго на душы. Самалюб‘е, абражанае тым, што ён ледзь не збіўся з правільнага шляху, палічыўшы Шанмат‘е за другога, задавальнялася ўсведамленнем таго, што ён правільна ўгадаў адразу, і што чуццё да гэтага часу яшчэ не здрадзіла яму. Злараднасць адчувалася ва ўсёй яго істоце. Перамога чыталася на вузкім ілбе. То быў жах, які прадстаў у асобе гэтага чалавека ў поўнай сваёй агіднасці.

Жавер у гэтую хвіліну быў на нябёсах. Не аддаючы сабе справаздачы, ён адчуваў, што ён, Жавер, увасабляе ў сабе правасуддзе, святло і ісціну і ў іх найвышэйшых прызначэннях — знішчае зло. Ён помсціць за грамадства. Ён акружаны быў арэолам славы. Ён стаяў горды, ззяючы, уладны. Шчаслівы і абураны, ён папіраў пятою злачынствы, парок, мяцеж, забойства. Ён радаваўся, усміхаўся, і, бясспрэчна, было штосьці велічнае ў гэтым страшэнным абаронцы праўды!

Страшны Жавер не меў у сабе нічога нізкага.

Сумленнасць, шчырасць, прамадушша, глыбокая пераконанасць, усведамленне абавязку — такога роду рэчы, якія, трапляючы на ілжывы шлях, могуць зрабіцца жахлівымі, але аставацца вялікімі. Гэта добрадзейнасць, у якой адна ганьба — заблуджэнне. Няшчадная шчырая радасць фанатыка, які зрабіў бесчалавечнасць, захоўвае ў сабе нейкі змрочны блеск, які выклікае мімавольную павагу. Сам таго не падазраваючы, Жавер у сваім страшным шчасці быў варты жалю, як і кожная істота, якая радуецца ў поўным няведанні. Нічога нельга было ўявіць сабе больш страшнага і пакутнага, як гэты твар, на якім адлюстроўваўся, так сказаць, увесь дрэнны бок дабра.

Фантына не бачыла Жавера да таго самага дня, калі