Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/149

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

яшчык пісьмо да пана Лафіта[1], а потым адправіўся ў больніцу да Фантыны.

Між тым, як толькі ён пакінуў зал пасяджэнняў, пракурор, апамятаваўшыся ад першага здзіўлення, сказаў прамову, у якой выразіў жаль з поваду раптоўнага вар‘яцтва паважанага мэра горада М., абвясціў таксама, што яго ўпэўненасць у тым, што Шанмат‘е і ёсць сапраўдны Жан Вальжан, ніколькі не змянілася. Перакананне пракурора ішло, відавочна, насуперак з агульным пачуццём публікі, суда і прысяжных. Абаронцу няцяжка было даказаць, што з прычыны выкрыцця пана Мадлена, гэта значыць сапраўднага Жана Вальжана, справа набывае іншы кірунак і прысяжныя бачаць перад сабой зусім невінаватага чалавека. Старшыня з сваёй думкай далучыўся да абаронца, і пасля некалькіх хвілін абмеркавання ўсе абвінавачванні з Шанмат‘е былі зняты.

Тым не менш пракурору патрэбен быў Жан Вальжан, і, адпусціўшы Шанмат‘е, ён рашыў узяць Мадлена.

Адразу-ж пасля вызвалення Шанмат‘е пракурор запёрся адзін на адзін з старшынёй. Яны абмяркоўвалі неабходнасць асабовага затрымання мэра горада М. Адправілі загад аб арышце. Для гэтага да інспектара Жавера быў пасланы нарачны. Як вядома, Жавер вярнуўся да месца службы адразу-ж пасля зробленага паказання.

У тую хвіліну, калі нарачны падаў яму загад аб арышце, ён толькі што ўставаў з пасцелі.

Нарачны, таксама з паліцэйскіх, у некалькіх словах расказаў яму, што здарылася ў Арасе. У загадзе аб арышце, падпісаным пракурорам, гаварылася наступнае: „Інспектару Жаверу прадпісваецца ўзяць пад варту пана Мадлена, мэра горада М., які на пасяджэнні гэтага дня быў прызнаны вызваленым катаржнікам Жанам Вальжанам“.

Калі-б хто-небудзь убачыў Жавера ў момант яго з‘яўлення ў пярэднім пакоі больніцы, то не мог-бы нічога прачытаць на яго твары. Ён меў звычайны выраз. Ён быў стрыманы, спакойны, строгі з старанна зачасанымі на скронях валасамі і падымаўся па лесніцы звычайным павольным крокам. Але калі-б хто-небудзь уважліва ўгледзіўся ў яго, то быў-бы апанаваны жахам. Ён увесь прасякнуты быў нейкім незвычайным хваляваннем.

Ён захапіў з сабою капрала[2] і двух салдат з гауптвахты[3], прышоў у больніцу і, пакінуўшы сваіх спадарож-

  1. Лафіт — галава банкірскага дома ў Парыжы.
  2. Капрал — малодшы ўнтэр-афіцэр у арміях Германіі, Італіі і Францыі.
  3. Гаўптвахта — месца адбывання пакаранняў пад арыштам для воінскіх чыноў.