Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/151

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пан Мадлен вырваў яе з яго рук. Хворыя мазгі яе не аддавалі сабе ні ў чым справаздачы, і яна не сумнявалася, што ён з'явіўся цяпер па яе. Яна не магла вынесці выгляду гэтага страшнага твара; яна задыхалася, яна закрыла свой твар рукамі і ўскрыкнула ў роспачы:

— Пан Мадлен, ратуйце мяне!

Жан Вальжан, з гэтага часу не будзем называць яго іначай, устаў. Ён сказаў Фантыне самым ласкавым і спакойным голасам:

— Супакойцеся. Ён не па вас прышоў.

Потым звярнуўся да Жавера і сказаў:

— Я ведаю, чаго вы хочаце.

— Хадзем хутчэй! — адказаў Жавер.

У гэтым выкрыку было штосьці дзікае і палкае. Гэтыя два словы неяк зліліся ў яго вуснах і вылецелі, нібы рыканне.

Ён не зрабіў так, як звычайна. Ён нічога не пачаў тлумачыць, не паказаў загад аб арышце. Для яго Жан Вальжан быў нейкім непераможным таямнічым байцом, якога ён не мог адолець на працягу пяці год.

Гэты арышт быў не пачаткам, а канцом. Ён абмежаваўся толькі выкрыкам: „Хадзем, хутчэй“.

Праказаўшы гэтыя словы, ён не зварухнуўся з месца. Ён глядзеў на Жана Вальжана прыцягваючым поглядам, які, як кручок, учэпліваўся ў няшчасных. Гэта быў позірк, які працяў Фантыну наскрозь два месяцы таму назад.

Пры выгуку Жавера Фантына расплюшчыла вочы. Але пан мэр быў тут — значыць, баяцца ёй няма чаго.

Жавер вышаў на сярэдзіну пакоя і ўскрыкнуў:

— Ды ці пойдзеш ты?

Няшчасная паглядзела навакол. У пакоі, апрача сястры і мэра, нікога не было. Да каго-ж магло адносіцца гэтае абразлівае „ты“? Вядома, да яе. Яна задрыжэла.

Але тут яна ўбачыла невераемную рэч, да такой ступені незвычайную, што нават у хвіліны самага бязглуздага брэду яна не магла-б уявіцца яе мазгам.

Яна ўбачыла, як сышчык Жавер схапіў за каўнер пана мэра. Яна бачыла, як пан мэр панік галавою. Ёй здавалася, што зямля выслізгвае з-пад яе ног.

Жавер сапраўды схапіў Жана Вальжана за грудзі.

— Пан мэр! — закрычала Фантына.

Жавер рассмяяўся сваім страшным смехам, агаліўшым верхнюю сківіцу.

— Тут няма больш пана мэра.