Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/142

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Словы яго былі адразу-ж пасля пасяджэння запісаны адным з сведак гэтай сцэны; яны да гэтага часу гучаць яшчэ ў вушах тых, хто іх чуў, хоць з таго часу мінула ўжо амаль сорак год.

— Дзякую вам, пан пракурор, але я не звар‘яцелы. Вы ўбачыце. Вы ледзь не зрабілі страшнай памылкі; адпусціце гэтага чалавека, я выконваю свой абавязак; я — няшчасны асуджаны. Я адзін тут ясна разумею справу і кажу вам праўду. Тое, што я раблю зараз, бачыць адзін толькі бог, і гэтага даволі. Вы можаце ўзяць мяне, бо я перад вамі. Я стараўся, аднак, ухіліцца ад гэтага. Я схаваўся пад чужым імем, я зрабіўся багатым, я зрабіўся мэрам. Я хацеў уступіць у рады сумленных людзей. Здаецца, гэта немагчыма. Нарэшце, ёсць шмат рэчаў, якіх я вытлумачыць вам не магу; я не буду расказваць вам свайго жыцця, калі-небудзь даведаюцца ўсе. Я аграбіў свяцейшага епіскапа — гэта праўда; я аграбіў Пты-Жэрве — гэта праўда. Зусім справядліва сказалі вам, што Жан Вальжан быў вельмі злы чалавек. Але, мабыць, не ён адзін вінаваты ў гэтым. Паслухайце, паны прысяжныя! Чалавек у такім прыніжэнні, як я, не мае права дакараць лёс або даваць парады грамадству, але, бачыце, ганьба, з якой я спрабаваў вырвацца, рэч вельмі шкодная. Галеры робяць галернікаў. Памятайце гэта. Да катаргі я быў бедным селянінам, зусім неразвітым, амаль ідыётам; катарга перарадзіла мяне. Я быў тупы на розум — я зрабіўся злы, быў бервяном — і ператварыўся ў палаючую галавешку. Пазней міласлівасць і дабрата выратавалі мяне, таксама як строгасць мяне загубіла. Але, выбачайце, вы не можаце зразумець таго, што я кажу. У попеле ў маім каміне вы знойдзеце манету, якую сем год таму назад я адабраў у маленькага саваяра. Мне больш нечага дадаць. Вазьміце мяне! Божа! Пан пракурор ківае галавой і думае: „Пан Мадлен звар‘яцеў“. Вы мне не верыце! Гэта вельмі шкада. Дык не асуджайце-ж хоць гэтага чалавека. Як вось гэтыя людзі не пазнаюць мяне! Я-б хацеў, каб Жавер быў тут. Ён напэўна пазнаў-бы мяне.

Нельга перадаць тону, якім вымаўлены былі гэтыя словы. Ён абярнуўся да катаржнікаў.

— Ну, дык я вас пазнаю. Брэве, ці памятаеце вы…

Ён спыніўся, падумаў з хвіліну і сказаў:

— Памятаеш шарсцяныя шлейкі шашкамі, якія ты насіў у астрозе?

Брэве так і здрыгануўся ад здзіўлення і аглядзеў яго з жахам з ног да галавы. Мадлен-жа казаў далей:

— А ў цябе, Шэнільд‘е ўсё правае плячо апечана, таму