Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/143

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

што ты раз прыхінуўся да гарачай жароўні. Скажы, ці праўда гэта?

— Гэта праўда, — адказаў Шэнільд‘е.

— А ў цябе, Кашпайль, на левай руцэ выпалены порахам цыфры і літары „1 сакавіка 1815 года“. Закасай рукаў!

Кашпайль закасаў рукаў, і ўсе з цікаўнасцю нагнуліся да яго. Жандарм паднёс лямпу. Названае чысло сапраўды ясна можна было прачытаць на руцэ.

Няшчасны чалавек абярнуўся да публікі і да прысяжных з усмешкай, якая глыбока ўрэзалася ў памяці ва ўсіх, хто яе бачыў. То была ўсмешка перамог і безнадзейнай роспачы.

— Вы цяпер добра бачыце, што я — Жан Вальжан, — праказаў ён.

На гэтым сходзе не было больш ні суддзяў, ні абвінавачваемых, ні жандармаў; былі толькі накіраваныя на яго позіркі і расчуленыя сэрцы. Усе забыліся пра выконваемыя імі абавязкі. Пракурор забыў, што ён павінен абвінавачваць, старшыня забыў, што ён павінен старшынстваваць, абаронец — што абараняе. Дзіўкая рэч: не было дано ніводнага пытання; ніякая ўлада не ўмяшалася. Асаблівасць узвышаных відовішчаў заключаецца ў тым, што яны захапляюць душу і сведак ператвараюць у гледачоў. Ніхто, быць можа, не мог-бы разабрацца ў сваіх адчуваннях. Несумненна, усе бачылі перад сабою Жана Вальжана. Ён быў нібы ў ззянні. З‘яўленне гэтага чалавека асвятліла за гэтую хвіліну яшчэ цёмную справу. Без ніякіх тлумачэнняў натоўп, нібы ўзрушаны электрычным токам, зразумеў, што на яго вачах разыгралася простая, але здзіўляючая гісторыя чалавека, аддаўшага сябе для таго толькі, каб другі не быў асуджан за яго віну. Падрабязнасці і дробязі губляліся ў гэтым вялікім учынку.

Уражанне гэтае хутка мінавала, але ў тую хвіліну яно было непераможнае.

— Я не хачу больш перашкаджаць пасяджэнню, — прадаўжаў Жан Вальжан. — З прычыны таго, што мяне не арыштоўваюць, я пайду. У мяне яшчэ шмат спраў. Пан пракурор ведае, дзе мяне знайсці. Ён ведае, куды я накіроўваюся, і можа арыштаваць мяне ў кожную хвіліну.

Ён накіраваўся да дзвярэй і вышаў. Ніводзін голас не пачуўся ўслед за ім, ніводная рука не спыніла яго. Усе расступіліся. Ён павольнымі крокамі прайшоў праз натоўп. Невядома, хто адчыніў яму дзверы, вядома толькі тое, што яны расчыніліся перад ім, калі ён да іх падышоў. На парозе ён абярнуўся і сказаў:

— Пан пракурор, я астаюся ў вашым распараджэнні.