Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/141

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

позіркі накіраваліся туды. Нейкі чалавек, які знаходзіўся сярод прывілеяваных гледачоў, і сядзеў ззаду за старшынёвым крэслам, падняўся з свайго месца, адчыніў маленькія дзверцы рашоткі, што аддзяляла трыбуну ад публікі, і вышаў на сярэдзіну зала. Старшыня, пракурор і шмат хто іншыя пазналі яго і ў адзін голас ускрыкнулі:

— Пан Мадлен?!

То быў сапраўды ён. Святло лямпы асвятляла яго твар. У руках ён трымаў свой капялюш, вопратка была ў поўным парадку, і паліто зашпілена даверху. Ён быў вельмі бледны і злёгку дрыжэў. Валасы зусім пабялелі. Яны пасівелі за адну гадзіну, якую правёў ён на судзе.

Уражанне, зробленае ім, не паддаецца апісанню. Спачатку ўсіх ахапіла хістанне. Голас быў так повен пакуты, прамовец здаваўся такім спакойным, што ў першую хвіліну ніхто нічога не зразумеў. Усе запытвалі адзін у аднаго, хто гэта закрычаў. Ніхто не мог сабе ўявіць, што іменна ад гэтага спакойнага чалавека зыходзіў такі страшны крык.

Але няўпэўненасць гэтая цягнулася адзін толькі момант. Перш, чым хто-небудзь мог праказаць хоць слова, чалавек, якога яшчэ ў гэтую хвіліну называлі панам Мадленам, падышоў да трох сведак і сказаў:

— Хіба вы мяне не пазнаеце?

Усе трое са збянтэжаным выглядам зрабілі адмоўны жэст. Пан Мадлен павярнуўся да суддзяў і сказаў пакорліва:

— Паны прысяжныя, загадайце вызваліць падсуднага. Пан старшыня, загадайце арыштаваць мяне. Чалавек, якога вы шукаеце, не ён, а я. Я — Жая Вальжан.

Дыханне замерла ва ўсіх. Пасля першага ўзрушэння настала магільная цішцыяя. У зале адчуваўся той жах, які ахапляе натоўп, калі адбываецца што-небудзь вялікае.

На твары старшыні, між тым, з‘явіўся выраз суму і жалю. Ён абмяняўся шпаркім позіркам з пракурорам і ціха сказаў некалькі слоў членам суда. Потым, звярнуўшыся да публікі, запытаў гучна:

— Ці няма тут доктара?

— Паны прысяжныя, — сказаў пракурор, — дзіўны і нечаканы выпадак, які перапыніў пасяджэнне, выклікае ва ўсіх нас пачуццё, не патрабуючае, вядома, тлумачэнняў. Вам усім вядомы па чутках, прынамсі, паважаны мэр горада М., пан Мадлен. Калі сярод публікі ёсць урач, то пан старшыня і я просім дапамагчы пану Мадлену і праводзіць яго дадому.

Пан Мадлен не даў пракурору скончыць. Спакойна і з гордасцю перапыніў ён яго. Вось слова ў слова, што ён сказаў.