Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/140

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Брэве зірнуў на абвінавачваемага, потым абярнуўся да суда:

— Так, пан старшыня. Я першы пазнаў яго і сцвярджаю, што гэта ён. Гэта — Жан Вальжан, які прыбыў у Тулон у 1796 годзе і быў вызвален у 1815 годзе. Я вышаў праз год пасля яго. У яго цяпер дурнаваты выгляд, але ён хітруе. Я яго цалкам прызнаю.

— Садзіцеся, — сказаў старшыня. — Падсудны, стойце!

Увялі Шэнільд‘е, пажыццёвага катаржніка. Яго знарок прывезлі з Тулона па гэтай справе. Гэта быў чалавек невялікага росту, год пяцідзесяці, жвавы, зморшчаны, высахлы і наглы. Ва ўсёй яго постаці выражалася хваравітая слабасць, у поглядзе-ж гарэла страшэнная сіла.

Старшыня звярнуўся да яго прыблізна з такімі-ж самымі словамі, як і да Брэве.

Шэнільд‘е рассмяяўся:

— Ліха дзяры! Ці прызнаю я яго? Мы пяць год былі прыкутыя да аднаго з ім ланцуга. Ты на мяне злуешся, ці што, стары?

— Садзіцеся, — сказаў старшыня.

Прыстаў увёў Кашпайля. Ён таксама быў асуджаны навекі. Гэта быў селянін, які з пастуха зрабіўся разбойнікам. Ён здаваўся такім-жа тупым на розум, як і абвінавачваемы. То была адна з тых няшчасных істот, якіх прырода стварае дзікімі звярамі, а грамадства ператварае ў катаржнікаў.

— Гэта — Жан Вальжан, — адказаў ён на пытанне старшыні. — За яго сілу яго нават празвалі Жан-асілак.

Кожнае з паказанняў гэтых трох людзей узнімала ў зале злоснае нараканне супроць падсуднага. Ён-жа, як і раней, здзіўлена выслухоўваў заявы. Пры першым паказанні суседзі чулі, як ён прамармытаў праз зубы: „Вось табе і раз!”, пры другім сказаў крыху гучней: „Вельмі дабра!“, пры трэцім ускрыкнуў: „Дзівосна!“

— Вы ўсё чулі, падсудны, — звярнуўся да яго старшыня. — Што вы маеце сказаць на гэта?

— Я сказаў: дзівосна! — адказаў ён.

Усе захваляваліся ў зале. Было відавочна, што чалавек гэты загінуў.

— Прыстаў, — сказаў старшыня, — аднавіце цішыню. Я кажу заключнае слова.

У гэтую хвіліну каля старшыні ўзнялася сумятніна. Нейкі голас раптам гучна праказаў:

— Брэве, Шэнільд‘е, Кашпайль! Зірніце сюды!

Ва ўсіх, пачуўшых гэты выкрык, мурашкі прабеглі на спіне: да такой ступені ён быў узрушлівы і страшны. Усе