Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/137

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ён апусціўся на крэсла, якое стаяла ззаду, баючыся, каб яго не ўбачылі. Ён узяў з стала картон і засланіўся ім ад іншай публікі. Цяпер ён мог бачыць усё, будучы сам нябачным нікому. Ён канчаткова апамятаўся і пачаў слухаць.

У тую хвіліну, калі ён увайшоў у зал, абаронец канчаў сваю прамову. Увага ўсіх была напружана да вышэйшай ступені. Працэс цягнуўся ўжо гадзіны тры. Цэлых тры гадзіны глядзеў натоўп, як гінуў чалавек пад цяжарам страшэзнай вераемнасці. То была жалкая, невядомая істота, асоба якой устаноўлена была толькі дзякуючы паказанням сведак. Аказалася, што то быў страшны злодзей Жан Вальжан, якога правасуддзе шукала ўжо даўно і які восем год таму назад, вярнуўшыся з Тулонскіх галераў, аграбіў на вялікай дарозе маленькага саваяра. Абвінавачваемы ў адказ на ўсе гэтыя паказанні рабіў здзіўленыя жэсты, нібы нічога не разумеючы. Ён гаварыў праз сілу, адказваў з замяшаннем, але ўся яго постаць з галавы да ног выражала адмаўленне. Ён быў падобны да ідыёта сярод усіх гэтых разумнікаў, якія сабраліся яго судзіць, і здаваўся чужым сярод грамадства, якое яго знішчала. Між тым, перад ім стаяла грознае будучае, якое набліжалася з кожнай хвілінай, за ім натоўп сачыў з вялікім хваляваннем. Можна было чакаць нават кары смерцю, а пра катаргу і гаварыць няма чаго. Прамовы пракурора і абаронцы, нарэшце, скончыліся, і старшыня звярнуўся да абвінавачваемага:

— Ці маеце вы што-небудзь дадаць у сваю абарону?

Абвінавачваемы стаяў, круцячы ў руках свой агідны калпак, нібы нічога не чуў.

Старшыня паўтарыў пытанне.

На гэты раз абвінавачваемы пачуў. Здавалася, ён зразумеў. Ён паварушыўся, нібы прачынаючыся, абвёў усіх вачыма і, паставіўшы свой вялізны кулак на борт рашоткі, утаропіў вочы на пракурора і загаварыў. Прамова яго была падобная да патоку. Бязладна, бяссувязна, таропка, нібы напіраючы адно на адно, імкнучыся разам вырвацца з вуснаў, ліліся словы і сказы, сэнс якіх ледзь можна было ўлавіць.

— Вось што я маю сказаць, — пачаў ён. — Я быў карэтнікам у Парыжы, можаце нават запытаць пра гэта ў пана Балу. Гэта вельмі цяжкое рамяство, прыходзіцца працаваць заўсёды пад адкрытым небам, рэдка пад павеццю, таму што работа патрабуе шмат месца. Каваць жалеза зімою, калі рукі акалелі, вельмі цяжка. Гэта проста змардоўвае чалавека; яшчэ маладым робішся стары. У сорак год табе капут. А мне было пяцьдзесят тры, дык мне і зусім цяжка пры-