Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/136

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ніхто ў гэтым натоўпе не звярнуў увагі на ўвайшоўшага. Усе позіркі накіраваны былі на нізкую драўляную лаўку, на якой сядзеў чалавек паміж дзух жандармаў.

То быў „ён“.

Мадлен не шукаў яго, ён яго бачыў. Вочы яго проста спыніліся на ім, нібы ён загадзя ведаў, дзе знайсці яго. Ён быццам бачыў самога сябе, састарэлага. Твар, вядома, не быў абсалютна такі-ж, але агульны выгляд такі самы. Тыя-ж ускудлычаныя валасы, тыя-ж дзікія і непакорлівыя вочы, тая-ж блуза, якая была на ім, калі ён прышоў у Дынь, поўны нянавісці і хаваючы ў душы зборышча страшных думак, сабраных і выпеставаных на працягу дзевятнаццаці год катаргі.

І ён ускрыкнуў пра сябе, увесь дрыготны:

— Божа! Няўжо я зрабіўся-б такім-жа?

Гэтаму чалавеку было па меншай меры год шэсцьдзесят. У ім было штосьці тупое, грубае, забітае.

Пры шуме адчыняемых дзвярэй стаяўшыя паблізу адсунуліся. Старшыня абярнуўся і, зразумеўшы, што перад ім мэр горада М., пакланіўся яму. Пракурор, які не раз сустракаў пана Мадлена ў міністэрстве, пазнаў яго і таксама прывітаўся. Ён-жа ледзь звярнуў на гэта ўвагу. Ёй нібы трызніў і глядзеў перад сабою.

Суддзі, пісцы, жандармы, натоўп цікаўных галоў — усё гэта ён ужо бачыў адзін раз у сваім жыцці, дваццаць сем год таму назад. Гэтыя ракавыя здані — ён зноў сустрэў іх. Яны былі перад ім, яны рухаліся, яны жылі. Гэта не быў больш страшны ўспамін, міраж яго думкі, — гэта былі сапраўдныя жандармы, сапраўдныя суддзі, сапраўдны натоўп і сапраўдныя людзі з плоці і крыві. Гэтыя страшныя здані мінулага ўваскрэслі перад ім ва ўсёй сваёй жудаснай сапраўднасці.

Усё гэтае прадонне зіяла перад ім.

Яго ахапіў жах. Ён заплюшчыў вочы і ўнутрана ўскрыкнуў:

— Ніколі!

І ў моц незалежнай ад яго ракавой выпадковасці, якая прыводзіла ў трэпет усю яго істоту і ледзь не даводзіла яго да шаленства, перад ім знаходзіўся ён сам. Чалавека, якога судзілі, усе называлі Жанам Вальжанам. Перад яго вачыма быў страшны прывід, род прадстаўлення, якое разыгрывалася яго ўласнаю зданню.

Усё было, як раней: тая-ж абстаноўка, тая-ж гадзіна дня, амаль тыя-ж твары суддзяў, салдат і гледачоў. Толькі цяпер над галавою старшыні суда вісела распяцце, чаго нё было ў яго час.