Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/138

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ходзілася. І потым рабочыя — бядовы народ. Як убачаць, што ўжо не малады, дык і пачынаюць зваць старым хрэнам, старым быдлам. Я зарабляў трыццачь су ў дзень; гаспадары плацілі мне мала, таму што я быў стары. Яшчэ была ў мяне дачка ў прачках. Яна тое-сёе зарабляла. Таксама ёй цяжка прыходзілася. Цэлы дзень ледзь не па калені ў вадзе ў пральні зімой і летам. Бывала, уся прамокне да касцей — гора. Прыходзіла яна дадому ўвечары, у сем гадзін, і зараз-жа клалася спаць: так яна стамлялася. Муж біў яе. Яна памерла. Мы не былі асабліва шчаслівыя. Добрая яна была дзяўчына, жыла ціха і смірна, нікуды не хадзіла. Вось, я кажу праўду. Запытайце самі. Ды што я, які я, сапраўды, дурань? Парыж-жа сапраўдная прорва. Хто можа там ведаць дзядзьку Шанмат‘е? Усё-такі, — кажу вам, — пан Балу, запытайце ў пана Балу. Пасля гэтага я не ведаю, чаго ад мяне хочуць.

Ён змоўк і па-ранейшаму стаяў. Ён сказаў сваю прамову хутка, дзікім, прарэзлівым і хрыплым голасам, з якімсьці наіўным раздражненнем. Адзін раз ён прыпыніўся і пакланіўся камусьці ў натоўпе. Словы свае ён дапаўняў адрывістымі жэстамі, нібы сек дровы. Калі ён скончыў, публіка залілася рогатам. Ён паглядзеў на натоўп, убачыў, што ён смяецца, і, нічога не разумеючы, рассмяяўся і сам. Гэта было жудасна.

Старшыня, чалавек уважлівы і добры, напомніў панам суддзям, што Балу дарэмна адшуквалі, але паколькі ён абанкроціўся і ўцёк, то і не маглі знайсці яго. Потым, звярнуўшыся да абвінавачваемага, сказаў:

— Вы знаходзіцеся ў такім становішчы, калі неабходна добра падумаць. Самыя цяжкія абвінавачванні вісяць над вамі і могуць пацягнуць за сабой вельмі важныя вынікі. У вашых інтарэсах, у апошні раз кажу вам, вытлумачыць ясна дзве рэчы: па-першае, ці пералезлі вы сапраўды цераз плот саду і ці адламалі галінку ад яблыні, і, па-другое, ці вы былі катаржнік Жан Вальжан, выпушчаны на волю?

Падсудны асмыслена паківаў галавою, нібы ясна зразумеў, пра што яго запытваюць, і ведае, што адказаць. Ён разявіў рот, абярнуўся да старшыні і сказаў:

— Перш за ўсё…

Потым зірнуў на свой калпак, потым на столь і змоўк.

— Падсудны, — пачаў пракурор строгім голасам, — беражыцеся! Вы не адказваеце на пытанні. Ваша замяшанне выдае вас. Відавочна, вы не Шанмат‘е, а катаржнік Жан Вальжан.

Падсудны, між тым, вельмі спакойна ўсеўся на месца. Калі пракурор скончыў, ён раптам усхапіўся і крыкнуў: