Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/118

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

яго. На небе не было ніводнай зорачкі. Ён зноў вярнуўся да стала.

Так прайшла гадзіна.

Пакрыху, аднак, думкі яго пачалі набываць пэўную форму. Ён пачаў усведамляць, што, хоць становішча яго было выключнае і жахлівае, ён тым не менш быў яго панам, і гэта яшчэ ўзмацніла яго жах.

Незалежна ад строгай і рэлігійнай мэты, якая кіравала яго ўчынкамі, усё, што ён рабіў да гэтага часу, было ні што іншае, як яма, куды ён хацеў закапаць сваё імя. У гадзіны размышленняў, у бяссонныя ночы ён больш за ўсё баяўся пачуць сваё імя. Ён гаварыў сабе, што тады наступіць канец ўсяму і што ў той дзень, калі імя яго зноў усплыве на паверхню, усё яго новае жыццё разбурыцца і — хто ведае? — мажліва, загіне і яго новая душа. Ён дрыжаў пры думцы аб адной магчымасці гэтага. Вядома, калі-б хто-небудзь у такія хвіліны сказаў яму, што надыйдзе момант, калі гэта імя зноў прагучыць у яго вушах, што гэта агіднае слова „Жан Вальжан“ раптам узнімецца з цемры, што страшнае святло, здольнае рассеяць цемру, якою ён сябе атуліў, раптоўна заззяе над яго галавой, што гэтае імя будзе пагрозай яму і яшчэ больш збярэ цемру вакол яго, што яго існаванне зробіцца яшчэ больш спакойнае і непранікальнае і што вочная стаўка здані Жана Вальжана з паважаным грамадзянінам Мадленам надасць апошняму яшчэ больш вартасці і славы, — калі-б хто-небудзь сказаў яму гэта, ён пакруціў-бы галавой і палічыў-бы гэтыя словы бязглуздзіцай. І вось цяпер гэта здарылася ў сапраўднасці, усе невераемнасці ператварыліся ў факт, і бязглуздыя фантазіі зрабіліся сапраўднасцю.

А галава яго рабілася ўсё яснейшая і яснейшая. Ён усё больш усведамляў сваё становішча.

Яму здавалася, што ён абудзіўся ад сну і, увесь дрыготны сярод начной цемры, апынуўся на слізкім краі прадоння, ад якога дарэчна намагаўся адступіць. Ён ясна бачыў у цемры кагосьці іншага, незнаёмага, якога лёс прыняў за яго і штурхаў у прадонне замест яго. Прадонне павінна было закрыцца, абавязкова паглынуць каго-небудзь, або яго, або таго, другога. Яму аставалася толькі скарыцца.

Ён цяпер бачыў усё, што адбывалася; ён растлумачыў сабе гэта так: яго месца на галерах аставалася не занятае. Што-б ён ні рабіў, яно будзе чакаць яго, і пакража манет у Пты-Жэрве немінуча прывядзе яго туды. У гэтую хвіліну ў яго з’явіўся намеснік па імю Шанмат’е, а што датычыць яго, то ён будзе існаваць з гэтага часу ў двух асобах: у катарзе ў асобе Шанмат’е і ў грамадстве пад