Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/117

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

надае жах, пастараўся забыць усё, што павінен быў зрабіць, і аднавіў сваю стрыманасць, як баец паднімае свой шчыт.

Канец дня ён аставаўся ў тым-жа стане: з бураю ў душы і з глыбокім спакоем знадворку. Ён ужыў, як гаворыцца, засцерагальныя сродкі. Усё было яшчэ няясна і бязладна ў яго мазгах: узрушэнне было такое вялікае, што ен не мог адрозніць ясна ні адной думкі. Ён сам нічога не мог-бы пра сябе расказаць, як толькі адно, што атрымаў моцны ўдар.

Даручаючы Фантыну асабліваму догляду сясцёр, ён смутна ўсведамляў, што яму, мабыць, давядзецца паехаць у Арас. Не спыняючыся яшчэ ні на якім канчатковым рашэнні, ён сказаў сабе, што паколькі на яго няма ніякіх падазрэнняў, то нічога не будзе дзіўнага ў тым, што прыедзе, як і іншыя, каб прысутнічаць пры разборы справы. Таму ён наняў каня ў Скофлэра.

Ен паабедаў са звычайным апетытам.

Увайшоўшы ў свой пакой, ён аддаўся размышленням.

Ён прааналізаваў становішча і знайшоў яго беспрыкладным, да такой ступені страшэнным, што, паддаючыся нейкаму невытлумачальнаму душэўнаму трэпету, устаў і запёр дзверы на кручок. Ён баяўся, каб яшчэ хто-небудзь не ўвайшоў. Ён загарадзіў уваход магчымаму.

Праз хвіліну ён пагасіў свечку, — святло яму перашкаджала. Яму здавалася, што яго могуць убачыць. Хто? Увы, тое, што ён хацеў выгнаць, увайшло; тое, што ён хацеў асляпіць, глядзела ва ўсе вочы: то было яго сумленне.

Тым не менш у першую хвіліну ён думаў, што намаганні яго ўдаліся. Ён адчуў адзіноту. Дзверы запёртыя — ён палічыў сябе недаступным; свечка пагашана — ён невідочны тады. Ён аўладаў сабою. Ён узлакаціўся абодвума локцямі на стол, апусціў галаву на рукі і пачаў раздумваць у цемры.

— Дзе я? Ці не сон гэта? Што мне сказалі? Няўжо я сапраўды бачыў Жавера і ён сказаў мне ўсё гэта? Хто гэты Шанмат'е? Хіба ён да мяне падобны? Няўжо гэта магчыма? І калі я падумаю, што ўчора яшчэ я быў такі спакойны і далёкі ад усяго гэтага! Што я рабіў учора ў гэты час? Што гэта за выпадак? Чым ён скончыцца? Што рабіць?

Так мучыўся ён. Думкі каціліся, як хвалі, і ён сціснуў лоб рукамі, нібы стараючыся ўтрымаць іх.

Над усёй гэтай сумятнінай думак панавала нясцерпная туга.

Галава яго гарэла. Ён падышоў да акна і расчыніў