Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/119

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

імем Мадлена. Яму няма чаго баяцца, няхай ён толькі не перашкаджае людзям наваліць на галаву Шанмат’е камень ганьбы, які, як магільная пліта, раз апусціўшыся, ніколі не падымаецца. Усё гэта было так дзіка і дзіўна, што з ім адбылося раптам нейкае ўзрушэнне, нібы выбух унутранога хохату.

Ён раптоўна запаліў свечку,

— Ну, чаго-ж я спалохаўся? — сказаў ён сабе. — Чаго-ж мне раздумваць? Я выратаваны, і справе канец. Былі адны толькі дзверы, праз якія мінулае магло ўварвацца ў маё жыццё; цяпер гэтыя дзверы замураваны назаўсёды. Гэты Жавер, які так доўга турбаваў мяне сваім інстынктам, здавалася, угадваў мяне і ўгадаў, які, як паляўніцкі сабака, заўсёды сачыў за мною, збіты цяпер з панталыку, адцягнуты ў другі бок. Ён цяпер супакоіцца і не будзе больш мяне турбаваць: ён знайшоў свайго Жана Вальжана. Хто ведае, магчыма, ён і паедзе адсюль. І ўсё гэта зробіцца апрача мяне, я тут ні прычым. І што ёсць ва ўсім гэтым такое жахлівае? Сапраўды, калі-б хто-небудзь мяне ўбачыў, то падумаў-бы, што са мною здарылася якое-небудзь няшчасце. Ды калі ад гэтага і будзе каму-небудзь дрэнна, ды хіба я вінаваты ў гэтым? Такі, значыць, лёс.

Так павінна было здарыцца. Хіба я маю права ўмешвацца ў справы лёсу? І я яшчэ нездаволены! Чаго мне яшчэ трэба? Мэта, якой я дамагаўся цаною столькіх год, бяссонных начэй, жаркіх малітваў, дасягнута, нарэшце! Сапраўды, не разумею, чаму я пабаяўся зайсці да папа і раскаяцца яму ва ўсім. Я ўпэўнены, што ён сказаў-бы мне тое-ж самае. Вырашана, няхай усё ідзе сваёю чаргою.

Так гаварыў ён сабе ў глыбіні сумлення, схіліўшыся, калі можна так сказаць, над сваім уласным прадоннем. Ён устаў з крэсла і пачаў хадзіць узад і ўперад па пакою.

— Даволі думаць пра гэта! — сказаў ён. — Усё вырашана.

Але ён не адчуваў ніякай палёгкі. Наадварот. Нельга перашкодзіць вярнуцца думцы, як нельга перашкодзіць мору вярнуцца да берагоў. Для марака гэта называецца прылівам, для злачынца — гэта дакоры сумлення.

Праз некалькі хвілін ён мімаволі вярнуўся да разважанняў з самім сабою, у якіх ён сам гаварыў пра тое, пра што хацеў-бы змаўчаць, слухаў тое, чаго не хацеў-бы слухаць, скараючыся перад таямнічай сілай.

Ён сказаў сабе: мэта мая дасягнута. Але хіба ў яго не было мэтай выратаваць не цела, а душу? Зрабіцца сумленным і добрым? Хіба не гэта завяшчаў яму епіскап?

Зачыніць дзверы для мінулага? Але, божа, ён не зачыняе